«Перспектыва» прыгадвае біяграфію паэта і яго творы.

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў вялікай сялянскай сям'і.

Да вайны скончыў тры класы сямігадовай школы, а пасля вайны пайшоў адразу ў пяты клас. Падчас вучобы юнак працаваў калгасным паштальёнам.

Пасля заканчэння школы Ніл Сымонавіч паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе. У апошні год вучобы адначасова выкладаў нямецкую мову ў школе, а потым паступіў на філалагічны факультэт БДУ, дзе спачатку вучыўся як бакалаўр, а потым – як аспірант.

Пісаць вершы Ніл Гілевіч пачаў у дзевяць гадоў, а першы надрукаваны твор, верш «Яблынька», з'явіўся ў 1946 годзе ў часопісе «Бярозка». Асноўнымі матывамі паэзіі Ніла Гілевіча з'яўляюцца любоў да роднага краю і яго гістарычнай спадчыны, тэмы спалучэння пакаленняў праз час і жахі ваенных гадоў.

Першая кніга паэзіі Ніла Гілевіча «Песня ў дарогу» выйшла ў 1957 годзе, а ў 1959-м, калі ён працаваў на кафедры беларускай літаратуры ў БДУ, свет убачыў зборнік «Прадвесне ідзе па зямлі». Адначасова з працай на кафедры Ніл Гілевіч з'яўляўся літаратурным кансультантам у газеце «Звязда». Ва ўніверсітэце паэт не толькі стаў спачатку дацэнтам, а потым прафесарам, але і актыўна друкаваўся. Ніл Гілевіч напісаў шмат кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы, а таксама займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Паэт пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў.

 

У 1980–1989 годы Ніл Сымонавіч быў першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1989 года – старшынём рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Стваральнік і галоўны рэдактар газеты «Наша слова».

У дзевяностыя і двухтысячныя гады Ніл Гілевіч выдае чатыры кнігі паэзіі і два зборнікі. У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў пісьменніка.

Паэма «Сказ пра Лысую гару» разышлася тыражом у 160 тыс. экзэмпляраў. Больш за 30 гадоў яна выходзіла пад аўтарствам Францішка Ведзьмака-Лысагорскага, а ў 2003 годзе нарэшце была выдадзена пад імем Ніла Гілевіча.

Класік беларускай літаратуры заўсёды прытрымліваўся прынцыпу: «Працуй так, як быццам будзеш жыць вечна». І яго працы сапраўды будуць жыць вечна, а памяць аб паэце захаваецца ў сэрцах прыхільнікаў беларускай літаратуры.

Ніл Гілевіч быў узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама шматлікімі медалямі, ганаровымі граматамі і прэміямі. За пераклады літаратурных твораў урад Балгарыі ўзнагародзіў Гілевіча ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені. Ад Югаславіі Ніл Гілевіч атрымаў ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай.

Шматлікія вершы Ніла Гілевіча былі пакладзены на музыку. Яе напісалі кампазітары І. Лучанок, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі і іншыя.

Пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі 29 сакавіка 2016 года ў Мінску. Ён пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач з жонкай Ніны Іванаўны.

Я – беларус, я нарадзiўся

На гэтай казачнай зямлi,

Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх

Адвеку прашчуры жылi.

Я – беларус, я ганаруся,

Што маю гэтае iмя:

Аб добрай славе Беларусi

У свеце знаюць нездарма! (Ніл Гілевіч).