Як паведаміла вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіццю турызма Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч, пад адным дахам размясціліся пяць экспазіцый. Акрамя ручнікоў і ваеннай формы, наведвальнікі ўбачаць таксама традыцыйныя беларускія дываны і посцілкі. Старыя саматканыя вырабы, якія сёння не ў модзе, набылі ў музеі другое жыццё. З’явіўся тут таксама пакой, прысвечаны быту партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны. А экспазіцыя «Нараджэнне хлеба» стане цэнтральным кампанентам аднайменнага турыстычнага маршрута, які злучыць Адэльск і Зарачанку. Яна дазволіць прасачыць доўгі шлях зерня ад нівы да нашага стала. Турыстам наглядна прадэманструюць, як каласок ператвараецца ў гарачы свежы каравай з хрусткай скарынкай.

Так, заўтра а 14 гадзіне госці апынуцца на імправізаваным жніўным полі пазамінулага стагоддзя і адчуюць, як цяжка даваўся бохан нашым продкам. Падчас інтэрактыўнай праграмы «Старыя рэчы з гісторыяй» з артыстамі народнага фальклорнага гурта «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці ім пакажуць усе этапы вырошчвання хлеба і запросяць паўдзельнічаць у шматлікіх абрадавых дзеяннях.