Работнікі Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра арганізавалі мерапрыемства да юбілея сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Яно адбылося 14 чэрвеня ў вёсцы Мількаўшчына.
Тут яна нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года, тут прайшло яе дзяцінства, і тут у 1866 годзе, напрыканцы чэрвеня, яна напісала сваё першае апавяданне, што стала візітоўкай у вялікі свет літаратуры.
За ўсё сваё жыццё Эліза Ажэшка стварыла 60 тамоў твораў, у тым ліку 32 раманы. Перакладзена на 20 еўрапейскіх моў, двойчы прадстаўлялася на Нобелеўскую прэмію.
Адкрыла свята заснавальнік і захавальнік фондаў Мількаўшчынскага літаратурна-краязнаўчага музея Таццяна Савянкова. Яе аповяд пра жыццёвы і творчы шлях Элізы Ажэшкі быў настолькі шчыры і захапляльны, што слухачы, якіх, нягледзячы на дажджлівае надвор'е, сабралася шмат, былі ў поўным захапленні. На іх тварах чыталася агульная думка, што Эліза Ажэшка не толькі польская пісьменніца, але і наша, беларуская, бо пісала пра нашых людзей, нашы звычаі, культуру і нематэрыяльныя каштоўнасці.
Шчырымі апладысментамі публіка аддзячыла юных мясцовых акцёраў, якія ў адмысловай сцэнцы прадставілі вобраз настаўніцы Элізы Ажэшка – яна ж вучыла чытаць і пісаць дзетак простых людзей. А авацыі сарваў ансамбль народнай песні «Палявыя кветкі» Сапоцкінскага цэнтра культуры і адпачынку.
Пасля канцэртнай праграмы, пакуль заварвалася духмяная гарбата «Па рэцэптах Элізы Ажэшкі», адбылося шмат душэўных гутарак у пакоях музея «Каралева жывога слова» і «Зёлкі на здароўе».
А за салодкім сталом многія згадалі, якую ролю адыгралі ў іх жыцці творы нашай славутай зямлячкі і яе прыклад у якасці грамадскай дзяячкі.
















