Вёска Мількаўшчына – адна з самых аддаленых кропак на карце Гродзенскага раёна. У любы час тут прыгожа, утульна і атмасферна. Мабыць, гэта таму, што мястэчка мае багатую гісторыю. Тут перапляліся розныя культуры, рэлігіі, традыцыі і чалавечыя лёсы.
Плыні жыцця
Таццяна Савянкова прыехала ў Мількаўшчынскую базавую школу ў пачатку нулявых выкладаць гісторыю. Акрамя навучання дзяцей, працавала ў бібліятэцы, была адной з заснавальнікаў і загадчыцай літаратурна-краязнаўчага музея. На працягу працы імкнулася выхоўваць маладое пакаленне сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы, шмат увагі надавала краязнаўству.
У 2006 годзе школе было прысвоена імя сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. А ўжо ў 2013 годзе навучальную ўстанову зачынілі, бо ў вёсцы засталося мала дзяцей. Аднак будынак не апусцеў. Былыя школьныя класы аддалі пад літаратурна-краязнаўчы музей Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А Таццяна Анатольеўна засталася ўжо тут загадчыцай. Збірала кнігі, фатаграфіі, дакументы, афармляла ўсё гэта належным чынам.
Госці з усяго свету прыязджалі паглядзець на сабраныя экспанаты. Трэба адзначыць, што яны ўсё дадаваліся. Людзі з усёй акругі неслі свае «скарбы», рэчы з гісторыяй. Але потым прыйшоў «кавідны» 2020 год. Музей зачынілі. А Таццяна Анатольеўна стала наглядчыкам і экскурсаводам на грамадскіх пачатках.
Школьны рарытэт
Зазірнуўшы ў Мількаўшчыну, мы не маглі не завітаць у музей, пра які чулі раней. Сёння ён знаходзіцца на балансе філіяла «Агракамбінат «Скідзельскі». Дзякуючы гэтаму ўдалося захаваць усе каштоўныя экспанаты ў цэласці. Між іншым, былая школа ўжо сама па сабе рарытэт. Доўгі драўляны будынак з вялікай колькасцю печак з кафлі. З іх дапамогай і цяпер абаграваецца памяшканне.
Захавалася шмат чаго. І спартыўная зала з тэнісным сталом, і былая сталовая, якая пераабсталявана ў залу для сходаў. Часам тут мясцовыя жыхары збіраюцца на сельскія сходы. Паколькі ў вёсцы няма касцёла, то праходзяць і службы для каталіцкіх вернікаў. Побач яшчэ ёсць бібліятэка, у якой захаваліся савецкія часопісы, энцыклапедыі, кнігі на беларускай мове.
Таццяна Савянкова запрашае на экскурсію. Яна пачынаецца з веранды, дзе захаваліся арыгінальная шыльда навучальнай установы, гімн школы і многае іншае, што распавядае пра шляхі станаўлення. Тут жа загад Гродзенскага райвыканкама аб наданні навучальнай установе імя Элізы Ажэшкі.
Далей Таццяна Анатольеўна запрашае прайсці па тэматычных пакоях-экспазіцыях «Родная школа», «Мількаўшчына мая» і іншых. Адна з іх – «Каралева жывога слова» – прысвечана Элізе Ажэшцы. Акрамя напісання твораў, ураджэнка Мількаўшчыны была вядомай траўніцай. Толькі ўявіце: 228 раслін яна сабрала ў лясах вакол Гродна і напісала пра іх у фальклорна-этнаграфічным нарысе «Людзі і кветкі над Нёманам». Да нашых дзён захаваліся ўласнаручна складзеныя арыгінальныя кампазіцыі з засушаных лугавых і палявых кветак.
Водар мінулага
З парога пакой «Нашы зёлкі» здзіўляе незвычайным водарам. Дарэчы, у Мількаўшчынскім музеі ёсць традыцыя частаваць гасцей травяной гарбатай. Журналісты «Перспектывы» таксама ўдыхнулі яго прыемны водар і пакаштавалі на смак. Апынуўся ён даволі моцным і насычаным.
Ўразіў і інтэр'ер класа савецкіх часоў. Чаго тут толькі няма: піянерская форма, барабаны, альбомы малюнкаў, дзённікі выдатнікаў вучобы, пёравыя ручкі, якімі школьнікі пісалі ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. А яшчэ некалькі відаў драўляных рахункаў і сапраўдны званочак, які збіраў дзяцей на ўрок.
– Наш музей – скарбонка не толькі мінулага, але і выдатнага сучаснасці. Бо не ведаючы свайго мінулага, не зразумееш сучаснасці і не пабудуеш будучыні, – кажа Таццяна Савянкова, якая заўсёды рада дапытлівым гасцям.
А яшчэ музей – гэта цудоўнае месца для адпачынку. Тут прыгожа снежнай зімой. І выдатна летам, асабліва, калі квітнее стары сад, які знаходзіцца каля школы. Паветра напаўняецца чароўным водарам, і час, нібы ў далёкім дзяцінстве, не ляціць так хутка.
У тэму:
Цікавы факт: за 66-гадовую гісторыю сельскай школы яе скончылі каля 1000 чалавек. Дадзеныя пра гэта маюцца ў летапісе Мількаўшчыскага музея. Дарэчы, сярод вядомых выпускнікоў навучальнай установы – кандыдат гістарычных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Ягорычаў.