Як паведамілі ў Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры, з 13 па 21 лютага ва ўсіх бібліятэках арганізаваны тэматычныя кніжныя паліцы і выставы, экспазіцыі твораў беларускіх пісьменнікаў. Напрыклад, чытачы Індурскай «кніжніцы» адправяцца ў вандроўку па літаратурным скверы «Душа народа в родном слове». А гульня-віктарына «Любім і ведаем беларускую мову» для маленькіх скідзельчанаў і пазнавальна-забаўляльная праграма ў Свіслацкай сельскай бібліятэцы дапаможа вызначыць, ці добра дзяўчынкі і хлопчыкі перакладаюць з рускай мовы на беларускую. Таксама не толькі кніжныя феі, але і ўсе работнікі культуры раёна падхапілі акцыю «Гаворым па-беларуску», якую ініцыіравалі бібліятэкары Сапоцкінскай горпасялковай бібліятэкі. Яны будуць заклікаць гасцей ўстаноў культуры штодзень размаўляць на такой мілагучнай і прыгожай матчынай мове.