У сельскай бібліятэцы аграгарадка Індура адбылося пасяджэнне дзіцячага клуба «Маленькая краіна».
Як расказала загадчыца Індурскай сельскай бібліятэкі Валянціна Ламакіна, падобныя пасяджэнні праводзяцца імі раз у месяц. У склад клуба ўваходзяць дзевяць чалавек. Гэта таленавітыя дзеці, аматары кніг. Яны з’яўляюцца пастаяннымі чытачамі і прымаюць актыўны удзел у разнастайных мерапрыемствах.
Тэма апошняга пасяджэння мела экалагічную накіраванасць – «Не толькі ў госці чакае цябе прырода». Для дзяцей былі падрыхтаваны конкурсы, розныя віктарыны, сканворды. Паколькі надвор’е крыху падвяло, нацешыцца прыгажосцю роднага мястэчка падчас індурскай вандроўкі не атрымалася. Таму дзеці займаліся адлюстраваннем любові да прыроды на паперы – стваралі цікавыя малюнкі. Пасля свае работы яны пакінулі ў дзіцячым пакоі бібліятэкі, дзе аформлены спецыяльны куток пад назвай «Вясёлка творчасці». Шматлікімі вырабамі ён папоўніўся і на гэты раз.