Старажытнае народнае свята адзначаецца ў гонар летняга сонцастаяння ў ноч з 6 на 7 лiпеня. А ў Гродзенскiм раёне народны фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці і народны тэатр народнай песні «Матуліна песня» Жытамлянскага дома фальклору зладзілі Купалле ў нядзелю – у Дзень святой Ульяны ці Дзень сустрэчы закаханых. Як паведаміла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч, дзяўчаты ў нацыянальных строях зрабілі вянкі з палявых кветак, галінак дуба, клёна, бярозы. Тым часам хлопцы развялі рытуальнае вогнішча – сімвал ачышчэння ад розных хваробаў і няўдач. Вакол чырвонага слупа вадзілі карагоды і спявалі. Таксама на яго вешалi i запальвалі пaдoбнae дa нябеснага свяціла кола, сплеценае з траваў. А каб засцерагчыся ад злых чараў, удзельнікі абрада скакалі праз невялікае вогнішча паасобку, накрыж і парамі.
Прыгажуні вырашылі не здраджваць традыцыі і паваражыць на нарачонага. Кожная пусціла свой вянок на ваду са словамі «Ляці, ляці, вяночак, лаві, лаві, дружочак» і пільна сачыла за ім: адразу на дно пойдзе – мара не спраўдзіцца, паплыве па хвалях – чакай шчаслівага замужжа.
Яшчэ адным з самых доўгачаканых момантаў быў пошук папараць-кветкі, якая цвіце ў гушчары лесу толькі ў купальскую ноч. Вось толькі стаць яе шчаслівым ўладальнікам – справа няпростая. І хаця нашым землякам не пашанцавала знайсці чароўную расліну, затое яны сапраўды ператварылі звычайны ліпеньскі вечар у казку.







































