Гродзенка Ларыса ЛІС пазнаёміла скідзельчан і жыхароў Мількаўшчыны з калекцыяй святочных зімовых паштовак і расказала пра “візітоўкі часу”. Сустрэчы з філакартысткай прайшлі ў СШ № 3 г. Скідзеля і літаратурна-краязнаўчым музеі в. Мількаўшчына.
Гледачы былі ў захапленні ад таго, колькі цікавага і пазнавальнага змяшчаюць у сабе паштоўкі.
Філакартыстка здзівіла не толькі старадаўнімі кардоннымі паштоўкамі з розных краін, але дазволіла жадаючым патрымаць у руках паштоўкі з самага рознага матэрыялу – гліняную, драўляную, металічную, тэкстыльную, з коркавага дрэва, керамічную і нават травяную. Усе маюць сваю гісторыю, у тым ліку і звязаную з тым, як апынуліся ў калекцыі філакартысткі.




Ларыса Ліс збірае паштоўкі з ранняга дзяцінства на працягу больш чым паўстагоддзя. На сёння іх у яе каля 40 000 і гэта не канчатковая колькасць, бо амаль на кожнай яе тэматычнай выставе падыходзяць людзі і просяць прыняць іх паштоўкі.
Самая старая паштоўка ў калекцыі Ларысы Ліс датаваная 1884 годам. Маецца шмат паштовак трохі маладзейшых, прысланых з Аўстрыі, Германіі, Францыі. У 90-х гадах тога ж ХІХ ст. у Расіі распаўсюджваліся паштоўкі дабрачыннага таварыства Св. Яўгеніі.
– Быць філакартыстам – гэта значыць не толькі калекцыяніраваць і сістэматызаваць паштоўкі, але абавязкова вывучаць іх, – зазначае Ларыса Ліс. – Гэта цікава і пазнавальна не толькі для мяне, але і для маіх слухачоў. Куды б я ні прывезла тэматычную калекцыю паштовак, арганізатары мерапрыемстваў заўсёды просяць расказаць пра іх.
У будучым гродзенская філакартыстка плануе сфарміраваць калекцыю цікавых і прыгожых пісьмовых надпісаў на зваротным баку паштовак. І гэта будзе яшчэ адна гісторыя.
Ларыса Ліс адзначае, што паштоўка не страчвае сваю каштоўнасць, яна радуе людзей і сёння.