23 жніўня ў Новай Рудзе адбудзецца свята – дзень вёскі. Канцэртная праграма для жыхароў і гасцей населенага пункта працягнецца з 16.00 да 21.00. Пасля ўсе жадаючыя змогуць акунуцца ў атмасферу танцаў.
Для правядзення падобных мерапры-емстваў у вёсцы ёсць усё неабходнае – спецыяльная пляцоўка і «яе вялікасць» сцэна. Святкаванне дня вёскі ў Новай Рудзе адбываецца штогод. Кожны раз яно праходзіць па-сапраўднаму ярка. Не з’яўляецца выключэннем і сёлетні час. Па словах дырэктара Парэчскага цэнтра культуры і вольнага часу Марыі Жоўтышавай, кожны год ім выпадае магчымасць радаваць жыхароў Новай Руды сваімі талентамі, выступаць з канцэртнай праграмай, а таксама забаўляць разнастайнымі гульнямі дзетак, ладзіць конкурсы і спаборніцтвы сярод дарослых. Упершыню ў гэтым годзе запланавана правядзенне майстар-класа на квадрацыклах.
Па традыцыі, на свяце атрымаюць узнагароды самыя пажылыя жыхары вёскі, самыя маладыя, актывісты і шматдзетныя сем’і. Не застануцца без увагі і тыя, каму належыць галоўная роля ў арганізацыі свята.