Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Гродзеншчыне падвялі вынікі і ўручылі дыпломы пераможцам абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч). А галоўнай узнагародай для аўтараў стане прэмія, якую яны могуць выкарыстаць на выданне свайго твора. Таму рукапісы, з якімі знаёміліся члены журы, неўзабаве можна будзе пабачыць на кніжных палічках у крамах і бібліятэках.

bda80755d653230ddaa1ed28ebe1f0f7.jpg

Сёлета конкурс праводзіўся ў сямі намінацыях. Аўтары даслалі 64 рукапісы. Найбольш прадстаўнічымі сталі: “Паэзія”, дзе было 20 удзельнікаў, і “Проза” – 15. Паспрабаваць сябе ў ролі драматургаў вырашыў толькі адзін аўтар, дзве працы былі прадстаўлены ў намінацыі “Літаратуразнаўства і крытыка”.

Цягам некалькіх месяцаў журы, у склад якога ўвайшлі літаратуразнаўцы, бібліятэкары, настаўнікі, знаёміліся з творамі і ацэньвалі іх. Пераможцаў вызначылі па суме балаў. І толькі ў дзвюх намінацыях – “Драматургія” і “Літаратуразнаўства і крытыка” пераможцу вырашылі не вылучаць. Па астатніх сумневу, што работы вартыя выдання, у журы не было.

93f9807be76c2ada4af2d1c208142f67.jpg

Што на думку журы варта пачытаць. У намінацыі “Паэзія” вышэй за астатнія ацанілі зборнік вершаў Людмілы Кебіч і Пётра Сямінскага, дэтэктыўную  аповесць “Эцюд аб бурштынавым камарыку”. Ужо вядомая многім маладым бацькам і маленькім чытачам Ганна Скаржынская-Савіцкая, аўтар твораў для дзяцей дзякуючы перамозе ў абласным конкурсе неўзабаве зможа прадставіць сваю чарговую кнігу пра Сёму і яго сябра Адзінку. Ніна Рыбік і яе захапляльныя, кранальныя і вельмі шчырыя аповеды пра землякоў пад агульнай назвай “Кожны стрэчны – нам настаўнік” – пераможца ў намінацыі “Публіцыстыка і краязнаўства”. Званне “Адкрыццё года” атрымаў Андрэй Татур дзякуючы зборніку вершаў “Ключ ад усіх дзвярэй”.