Кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГрДУ імя Янкі Купалы, фалькларыст Руслан Казлоўскі расказаў, як на Гродзеншчыне святкавалі Юр’е.
– Каму прысвячалася свята Юр’е?
– У праваслаўі яно адзначаецца 6 мая. У дахрысціянскія часы свята прысвячалася апекуну свойскай жывёлы богу Вялесу і прыпадала на перыяд, калі расліннасць пачынала набіраць сілу, зелянелі палі і лугі, убіраліся ў лістоту сады.
– Дзень Святога Юрыя быў вельмі своеасаблівы па абраднасці…
– Важна было выгнаць жывёлу ў поле на юр'еву расу, выканаўшы старадаўнія абрады. На Гродзеншчыне кароў выганялі галінкай вярбы, асвенчанай у царкве ў Вербную нядзелю. Жывёла павінна была пераступіць праз велікоднае яйка, свянцоныя хлеб і соль, што клалі ў брамках на выхадзе з двара гаспадара. Статак трэба было абысці пад словы замовы з гаршчэчкам, у якім курыліся сухія цудадзейныя зёлкі. Дымок утвараў своеасаблівае магічнае ахоўнае кола. Урачыста адорваліся пачастункамі (салам, аладкамі, яйкамі) пастухі, якія вечарам наладжвалі гулянне са своеасаблівымі магічна-ахоўнымі гульнямі. Юр'е ў народзе называлі святам пастухоў.
– Чаму селянін ў дзень Святога Юрыя наведваў уласнае поле?
– Як сцвярджае даследчык Уладзiмiр Сысоў, людзі маліліся ніве і багам на багаты ўраджай, акрапляліся юраўскай расою, каб набрацца моцы і здароўя на ўвесь працоўны сялянскі год. Памаліцца багам – гэта значыла старажытным, дахрысціянскім, што як звычай фіксавалася навукоўцамі на працягу ХІХ-ХХ стагоддзяў. Беларускаму фальклору характэрна накладанне і ўзаемапранікненне паганскіх і хрысціянскіх звычаяў і вобразаў у тэкстах песень, легенд і паданняў, замоў. У многіх мясцовасцях замест багоў старадаўніх звярталіся да хрысціянскага Бога і святога Юрыя.
– Якія прыкметы iснавалі?
– Юльян Крачкоўскі яшчэ ў ХІХ стагоддзі пісаў, што па надвор'і ў дзень Юр'я варожаць аб поспеху ў гаспадарцы. Калі ў Юр'еў дзень ідзе вялікі дождж, то вырасце вялікае жыта. Калі дождж будзе толькі крапіць, то будуць увесь год каровы даіцца. Калі раса, то будзе ў дастатку коням аўса. Свята Юр'е – гэта частка нацыянальнай спадчыны беларускага народа, якую трэба захаваць і перадаць нашчадкам.