Сёння выхаванцаў дзіцячых садкоў абласнога цэнтра пазнаёмяць с лепшымі прыкладамі нацыянальнай літаратуры. Свет добрых дзіцячых кніг педагогам, выхавацелям дашкольнай адукацыі, маленькім жыхарам горада над Нёманам і іх бацькам дапаможа адкрыць традыцыйная акцыя «Кніжка на далоньцы». Яе удзельнікамі стануць хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце 5-7 гадоў.
Як паведаміла загадчык аддзела маркетынга Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка Наталля Наземцава, у дзесяці гродзенскіх бібліятэках прагучаць беларускія народныя казкі, а таксама творы сучасных аўтараў. Сярод іх – апавяданні Уладзіслава Бубена «Марцін і кацяня», Міхаіла Дзеравянка «Па сяброўстве», Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска», Валерыя Кастручына «Урок ветлівасці», Алеся Марціновіча «Бяда і радасць янота Грышы».