Прэзентацыя кнігі "Вайна ў асобах. Непрыдуманыя гісторыі герояў" адбылася 18 мая ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэке імя Я. Ф. Карскага.

Выданне прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аўтар – Галіна Антонава, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменніца, журналіст, рэдактар Смаргонскай раённай газеты "Светлы шлях", аўтар сямі кніг – запісвала ўспаміны ўдзельнікаў вайны, іх дзяцей, вязняў канцлагераў, музейных супрацоўнікаў і настаўнікаў гісторыі. Па яе словах, у кнізе няма мастацкага вымыслу – толькі рэальныя гісторыі людзей, якія перажылі акупацыю, баі, палон і страты.

– На светлым шляху Галіны Антонавай з'явілася гэтая нясветлая кніга, – так пракаментаваў выхад выдання намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык і адзначыў: – Калі б гэтай кнігі не было, яе трэба было б напісаць.

Адной з асаблівасцей выдання з'яўляецца тое, што яго адкрываюць эсэ, напісаныя дзецьмі аўтара. Галіна Антонава расказала, што ў яе сям'і таксама ёсць свае героі і адзін з іх не вярнуўся з вайны. Пісьменніца падкрэсліла, як важна перадаваць гісторыю сваёй сям'і дзецям, бо менавіта праз такія асабістыя ўспаміны новае пакаленне вучыцца шчыраму патрыятызму, павазе да мінулага і разуменню сапраўднага кошту Перамогі.

На прэзентацыі прысутнічалі не толькі калегі і сябры пісьменніцы, але і моладзь, студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

– Сёння, калі мы праводзім усё больш часу ў інтэрнэце, друкаваныя кнігі становяцца ўнікальнай магчымасцю спыніць час. Складана прадбачыць, як далей будзе развівацца лічбавая прастора, таму так важна беражліва ставіцца да друкаванага слова. Уражанні ад творчай вечарыны і прэзентацыі кнігі Галіны Францішкаўны засталіся самыя лепшыя. Да гэтага часу я не быў знаёмы з яе творчасцю, і тым цікавей было адкрыць для сябе новага аўтара, даведацца пра яе жыццёвы і пісьменніцкі шлях, – падзяліўся ўражаннямі студэнт спецыяльнасці "Журналістыка" Іван Музычка.

Сустрэча з Галінай Антонавай засталася у сэрцы кожнага прысутнага, нагадаўшы пра каштоўнасць мірнага неба. Жывая праўда, сабраная Галінай Антонавай, працягвае сваё жыццё, а значыць – памяць пра герояў і іх подзвігі таксама.