Пад такой назвай а 15 гадзіне тут адкрыецца выстава майстроў аддзела этнаграфіі, фальклора і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Як паведаміла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Наталля Рамановіч, разам з народным майстрам па вырабе драўляных музычных інструментаў, уладальнікам спецыльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мар’янам Скрамблевічам і народным фальклорным гуртам «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці госці адправяцца ў цудоўнае падарожжа па краіне музыкі, песні, гукаў.
Сапраўдны саламяны цуд – дэкаратыўныя вырабы з «беларускага золата». Ад птушак, грывастага коня, сімвалаў Беларусі – зубра і бусла, ганарыстых прыгажуняў і цэлых кампазіцый са звычайнай саломы, якія стварылі Валянціна Краўчук і Ірына Шавельская, нельга адвесці вочы.
Асалоду падараць душы славутасці Гродзенскага раёна ў тэхніцы выцінанка. Іх для першай калекцыі новай арыгінальнай серыі «Дакрануцца да гісторыі» выразала Таццяна Нікіцік, якая працуе ў салоне-майстэрні ў вёсцы Каробчыцы.
Ганарацца майстры і калекцыяй «Спадчына». Дэкаратыўнасць, мастацкасць, практычнасць і ўтылітарнасць спалучаюць у сабе сурвэткі пад сталовыя прыборы з узорамі Сонца і Зямлі, што сімвалізуюць жыццё, цяпло, ураджай, вышываныя інтэр’ерныя падушкі ад Марыі Ракевіч з Капцёўкі.
Зачаруюць сваім хараством рушнікі адэльскай майстрыхі Наталлі Кавальковай, паненкі ў нацыянальным аддзенні і абярэгавыя лялькі Ірыны Рынкевіч, габелены Ганны Талола з Парэчча, тканыя паясы Вольгі Авакумавай з Каробчыц.
Серыю керамічных пано з сюжэтамі сялянскага быту, скідзельскую браму, якая дагэтуль захавалася ў горадзе і стала яго сімвалам, 3D керамічныя макеты некаторых помнікаў архітэктуры Гродна і раёна зрабілі Таццяна Рублеўская і Таццяна Сяргейчык. Прадэманструюць сваю творчасць і лепшыя майстры выяўленчага мастацтва і разьбы па дрэве: Ларыса Касіцкая, Уладзімір Астапчык і Уладзімір Пакумейка, Уладзімір Кемяжук. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь занесены сапоцкінская пісанка, пасхальныя вербы, падвойныя дываны. Іх таксама ўбачаць наведвальнікі выставы. Дарэчы, яна прымеркаваная да Года народнага адзінства і будзе працаваць на працягу месяца па адрасы: вуліца Савецкая, 8.