З казкай сустрэліся госці Індурскага цэнтра культуры на Свяце лялькі.
23 лістапада ў аграгарадку зноў завярцелася кола лялечных гісторый. Так, маленькіх і дарослых аматараў мастацтва запрасілі ў актавую залу на спектакль «Две Марфуши». Яго паказаў Гродзенскі абласны тэатр лялек. А разам з героямі інтэрактыўна-тэатралізаванага шоў узорнай студыі роставых лялек Дзятлаўскага районнага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці гледачы здейснілі вандроўку ў акадэмію мультызорак. Таксама ўсіх чакалі выступленні дзіцячых аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Скідзельскага цэнтра моладзі і артыстаў Індурскага цэнтра культуры.
Жыхары і госці Індуры ўсіх узростаў маглі пабываць з экскурсіяй у музеі, убачыць новую экспазіцыю лялек-берагінь і нават навучыцца самім іх вырабляць. Наведвальнікі свята з задавальненнем частаваліся духмяным напоем у фітабары «Лялечнае кафэ», прымалі ўдзел у конкурсах, гульнях і квэсце.
















