Узорны фальклорны калектыў “Васілёчкі” Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Шчаслівы той, хто продкаў з чыстым сэрцам паважае”.

 У ім прынялі ўдзел трынаццаць калектываў з дзесяці раёнаў вобласці. На суд журы кожны з іх прадставіў відэапрэзентацыі свят і абрадаў – “Гуканне вясны”, “Вялікдзень”, “Хрэсьбіны”, “Стрэчанне”, “Беларускае вяселле”, “Калядкі”, “Упісы ў кавалеры”, “Уваходзіны”, “Камаедзіца”.

Журы адзначыла высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, ступень захаванасці каранёвых формаў рэгія-нальных музычных, вакальных, харэаграфічных традыцый, стварэнне яркіх сцэнічных вобразаў, шырокае прымяненне гульнёва-абрадавай атрыбутыкі ў трох калектывах-удзельніках. Лепшымі сталі нашы “Ва-сілёчкі”, другое месца прысуджана ўзорнаму фальклорнаму калектыву “Нальшчаначка” са Смаргонскага раёна, трэцяе – фальклорнаму аб’яднанню “Беларуская гасцёўня” са Слоніма.

Дарэчы, дзіцячы калектыў “Васілёчкі” вырас на базе народнага тэатра народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору. На яго традыцыях дзеці спасцігалі народную традыцыйную культуру. З 2007 года калектыў – у самастойным плаванні. Кіраўніком з’яўляецца рэжысёр народнага тэатра народнай песні “Матуліна песня” Тарэса Адамовіч.