Менавіта гэтыя апантаныя і ўлюбёныя ў свой родны край людзі пазбаўляюць ад пылу стагоддзяў артэфакты і ўзоры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Так, напрыканцы жніўня аддзел этнаграфіі, фальклора і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра арганізуе лекторый «За кубачкам гарбаты».
– Госці трапяць ва ўтульную атмасферу музейных экспазіцый і пакояў устаноў культуры раёна. За невялікую плату яны пачастуюцца духмянай травяной гарбатай, патанчаць па-даўнейшаму, паслухаюць займальныя інтэрактыўныя лекцыі і паўдзельнічаюць у майстар-класах па розных відах народнай творчасці: беларускім ручнікам і ткацтву, саломапляценню, драўляным музычным інструментам і іншым вырабам, сапоцкінскай пісанцы, кераміцы і народным жывапісу, абярэгавым і традыцыйным лялькам. Далучыцца да лекторыя зможа нават невялікая група жадаючых, – адзначыла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Наталля Рамановіч.
Пасля ўдзелу Вікторыі Ланеўскай і Наталлі Пачабыт у тэатралізаваным парадзе-дэфіле традыцыйнага ўбрання на свяце Купалля ў Александрыі наспела неабходнасць у творчай майстэрні па пашыве нацыянальнага адзення. Плануецца сабраць усе элементы жаночага гарнітуру, скласці асобныя калекцыі спадніц, кашуль, фартухоў, стылізаваных касцюмаў.
– Народныя строі вяртаюцца да нас літаральна па кавалачках, бо іх выяўленне, даследаванне, захаванне і рэканструкцыя – справа складаная і няспынная. Нядаўна загадчык Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці Дзяніс Балабуеў убачыў фотаздымак дзвюх дзяўчат з аграгарадка Азёры ў народным аддзенні 50-х гадоў. У хуткім часе пачнецца праца над яго кроем, арнаментамі, дэталямі, элементамі, каб аднавіць поўны ансамбль. Захаваліся вясельныя сукенкі тых часоў. Зазірнуць у бабулін куфар дазволіць выстава-прэзентацыя традыцыйнай вопраткі «Водгукі далёкай старажытнасці», – распавядае Наталля Іосіфаўна.
У своеасаблівую карту будуць складацца рамёствы Гродзенскага раёна. Дарэчы, на 2021 год ужо ствараецца аднайменная праграма, мэта якой – садзейнічаць выхаванню беражлівых адносін да нашай спадчыны, надаць станоўчы імпульс да яе вывучэння, адраджэння і развіцця.
Таксама неабходна «рэанімаваць» абрадавыя дзеянні некаторых святаў, што патрабуе шчырага і адкрытага абмеркавання паміж актывістамі Школы фалькларыстаў, спецыялістамі раённага культурна-інформацыйнага цэнтра, кіраўнікамі фальклорных калектываў нашых устаноў культуры і старажыламі з вёсак раёна.