Увасобіць на сцэне легенду пра возера Свіцязь, пра якое рассказаў у аднайменнай баладзе Адам Міцкевіч, вырашыла Вольга Авасількі, мастацкі кіраўнік дзіцячага ўзорнага музычна-драматычнага тэатра-студыі “Бубенчыкі”, што працуе пры Цэнтры культуры горада Гродна.
Найчасцей у пастаноўцы дзіцячага калектыву можна пабачыць казкі. Сур’ёзны дарослы матэрыял браць рашаюцца ня многія. Аднак…
– З дзецьмі можна працаваць як з дарослымі артыстамі. Яны нашмат больш разумеюць і могуць, чым мы часам думаем, – упэўнена Вольга. І яе меркаванне пацвердзіў вопыт аднаго славацкага тэатра, які, як і нашы “Бубенчыкі”, браў удзел у фестывалі ў Сувалках. – Калі ўбачыла іхпастаноўку, стала па-добраму зайздросна: мы можам не горш! У нас вельмі таленавітыя дзеці, і яны могуць працаваць на высокім узроўні.
Пасля ўзнікла пытанне, які матэрыял абраць для пастаноўкі. Хацелася нечага выбітнага беларускага, з фальклорам, каларытнага. І Вольга знайшла цудоўны пераклад балады “Свізяць” Адама Міцкевіча, якую ён прысвяціў родным мясцінам і возеру, дзе часта бываў.
– Гэта цудоўны і вельмі глыбокі твор. Уражвае, з якой любоўю паэт ставіўся да людзей, родных мясцін, нашай гісторыі, прыроды… Мне хацелася, каб і дзеці адчулі тое ж. Зразумелі: нам насамрэч ёсць чым ганарыцца. Чатыры месяцы, пакуль рыхтавалі пастаноўку, я распавядала ім пра нашу гісторыю, Вялікае Княства Літоўскае, Міндоўга.
Не толькі выбар матэрыялу ўражвае і становіцца нечаканым. У спектаклі вельмі прыгожая, атмасферная сцэнаграфія, над якой працавала Вікторыя Анціпіна. Спецыяльна для гэтай пастаноўкі Віталій Лявонаў напісаў музыку.
Далучылася да праекту Ганна Каханоўская, якая малюе пяском. Ёй вельмі хацелася знайсци новы кірунак у творчасці. “Свіцязь” – свайго роду эксперымент. Удзельнікі студыі “Бубенчыкі”, акрамя звыклых для іх заняткаў па харэаграфіі, сцэнічнай мове і іншых, чатыры месяцы наведвалі студыю Ганны і вучыліся маляваць пяском на спецыяльным стале. І вось падчас спектаклю перад гледачамі ўзнікаюць карціны нашай гісторыі, што ствараюцца маленькімі артыстамі ў рэжыме онлайн, адна за другой змяняюць афармленне сцэны і вельмі арганічна ўпісваюцца ў агульны сюжэт, дапаўняючы аповед.
А як усё склалася ў адну пастаноўку, можна пабачыць зусім хутка. Прэм’ера “Свіцязі” – 19 студзеня ў канцэртнай зале Цэнтра культуры.
Таццяна КУЗНЯЧЭНКАВА