Яны разам утвараюць слова «МОВА».

Скульптуры  стануць месцам адпачынку, бо фактычна з’яўляюцца вулічнай мэбляй з дрэва і металу. Незвычайныя кампазіцыі, аўтар якіх – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі, ўсталююць у Гродне, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве і Мінску ў рамках праекта «Веліч роднай мовы». Па словах ініцыятара Захара Дудзінскага, ён закліканы папулярызаваць родную мову, па-новаму раскрыць семантыку беларускага слова. Варта адзначыць і турыстычны патэнцыял праекта для гарадоў, дзе з’явяцца манументальныя трохмерныя літары. Дарэчы, як паведаміў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў, каля арт-аб’ектаў плануецца стварыць сетку бясплатнага Wi-Fi.

Асаблівасці рэгіёнаў адлюструюцца ў расфарбоўцы мастацкіх інсталяцый.

– Чорны і чырвоны – базавыя колеры, якія будуць выкарыстаныя ва ўсіх гарадах. Астатнія адценні абсалютна розныя: яны падкрэсліваюць адметнасці кожнага краю. Усе колеры выбраны невыпадкова. Пры распрацоўцы іх спалучэнняў улічвалася мноства ўнікальных мясцовых «рызінак» – напрыклад, прыродных: зелень паркаў Гомельшчыны, шэрань Палескіх балот, блакіт азёр Віцебшчыны, ­– патлумачыў Павел Вайніцкі.

«МОВА» ў Гродне будзе выканана ў жоўтым і розных адценнях сіняга, чырвонага і чорнага колераў. Гэта тлумачыцца сучасным іміджам абласнога цэнтра – памежнага, актыўнага і жывога горада. Але ў той жа час нагадвае і пра яго ўзгорыстую мясцовасць, старажытныя помнікі мураванай архітэктуры, традыцыі кавальства.