У Скідзельскай гарадской бібліятэцы прайшла інфармацыйная гадзіна "Нязломныя", прыўрочаная да Міжнароднага дня інвалідаў. Мерапрыемства адбылося ў форме прэзентацый кніг і газетных публікацый аб дасягненнях людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама іх мастацкіх твораў.
Бібліятэкар прэзентавала для сямікласнікаў Скідзельскай СШ №2 кнігу "Нязломны Аляксей Талай". Герой гэтага выдання ў падлеткавым узросце пазбавіўся рук і ног, падарваўшыся на міне, што выбухнула праз паўстагоддзя пасля Вялікай Айчыннай вайны. Аднак не скрыўся лёсу, стаў паралімпійскім чэмпіёнам па плаванню, паспяховым бізнесменам, бацькам чацвярых дзяцей і знакамітым спікерам-маціватарам.
Школьнікі пазнаёміліся таксама з кнігамі вядомага гродзенскага пісьменніка Віктар Кудлачова, які ў дзяцінстве цалкам страціў зрок, падарваўшыся на міне ў маі 1945 года.

"Цацка", падкінутая беларускім дзецям фашыстамі, ледзь не абярнулася стратай зроку і герою кнігі "На лініі жыцця. Аповесць пра Уладзіміра Лебедзева". Толькі праз дзесятак гадоў, падчас тэрміновай вайсковай службы, былі выдалены ўсе аскепкі з яго вока, і Уладзімір змог упісаць свой радок у гісторыю спорта, стаўшы першым чэмпіёнам па кіданню кап’я і заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь.
З публікацый у прэcе ўвазе слухачоў былі прадстаўлены нарысы, апублікаваныя сёлета ў газеце "Перспектива" пра нязломных маладых скідзельцаў Паўла Панкратава і Надзею Сарнову, якія ўсімі сіламі імкнуцца пашыраць "абмежаваныя магчымасці".
Ноту лірыкі ўнёс у мерапрыемства актыўны чытач Скідзельскай гарадской бібліятэкі Раман Мірзаян. Ён расказаў пра лёс свайго любімага беларускага паэта і журналіста Леаніда Рашкоўскага, што неспадзявана ў маладым узросце стаў інвалідам-калясачнікам. Раман Рачыкавіч прачытаў два яго вершы, згадаў пра сваю дзесяцігадовую працу ў якасці старшыні Скідзельскай пярвічнай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, запэўніў слухачоў у наяўнасці ў кожным чалавеку якога-небудзь таленту, што ў любых абставінах дапаможа быць нязломным, а напрыканцы прачытаў свой уласны верш з гадоў юнацтва.
У цёплай шчырай атмасферы падлеткі з задавальненем прачыталі ветлівыя пажаданні на сціках з чароўнага пачка Скідзельнага цукровага камбіната, а ў астатні час азнаёміліся з бібліятэчным фондам для свайго ўзросту і выбралі кніжкі для чытання дома.

















