21 лютага ў кніжных храмах раёна адсвяткуюць Міжнародны дзень роднай мовы.
Як паведаміла загадчык інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Святлана Робак, супрацоўнікі аддзела і чытачы прымуць удзел у акцыі «Родная мова – чытаем разам». У Скідзельскіх гарадскіх, Азёрскай, Свіслацкай, Рацічскай, Путрышкаўскай, Квасоўскай, Адэльскай сельскіх бібліятэках пройдуць гучныя чытанні «Любім і ведаем родную мову», «Гучы, родная мова», «Сэрцам роднага слова краніся», «Крынічкі роднай мовы», «О, родная зямля! Мой вечны клопат і любоў мая!». Прагучаць вершы і ўрыўкі з твораў пісьменнікаў-юбіляраў: Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Дубоўкі, Пятра Глебкі. Да акцыі таксама далучацца жыхары Каменнай Русоты і Прывалкі – карыстальнікі бібліёбуса.
У Сапоцкінскай горпасялковай, Луцкаўлянскай, Парэцкай, Капцёўскай, Гожскай, Верцялішкаўскай сельскіх бібліятэках адбудуцца пасяджэнні аматарскіх аб’яднанняў «Ці ведаеш ты сваю мову?», «Каб бацькоўская мова непаўторнаю кветкай цвіла», «Беларускія пісьменнікі – дзецям», «Мова мая – жыццё маё», «На мове, сэрцу зразумелай».