Адбылася прэзентацыя двух новых выданняў скідзельскага аўтара, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Мазур. Нядаўна стала вядома, што яе паэтычны зборнік «Васількі на світанні» прайшоў адбор для разгляду на Нацыянальную прэмію Рэспублікі Беларусь.

Другая ж кніга пад назвай «Скідзель. Алфавітныя прыпынкі ў горадзе-спадарожніку Гродна» выйшла ў свет літаральна ў пачатку мінулага тыдня. Гэта ўнікальны краязнаўча-паэтычны праваднік для падлеткаў, дзе кожны прыпынак – літара, з якой пачынаецца назва скідзельскай славутасці. 55 вершаў і фотаздымкаў з гэтай кнігі Тамара Мазур змясціла на святочных паштоўках, выбраць якія на свой густ мог на свята Незалежнасці кожны, хто прадэманстраваў выразнае чытанне па-беларуску.

У гэтай праграме з задавальненнем паўдзельнічалі і студэнты філалагічнага факультэта, што акурат прыехалі ў Скідзель праходзіць азнаямляльна-краязнаўчую практыку пад кіраўніцтвам кандыдатаў філалагічных навук, дацэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Руслана Казлоўскага і Аліны Сабуць. На «Кніжнай паляне» у Скідзелі госці пазнаёміліся і з мясцовымі краязнаўцамі, якія падказалі цікавыя адрасы для папаўнення ведаў пра нашу нематэрыяльную спадчыну.