Новыя прыгожыя кніжкі для юных чытачоў атрымалі бібліятэкі Гродзенскага раёна напярэдадні Дня беларускага пісьменства
Як паведаміла загадчык інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Святлана Робак, усім, хто цікавіцца родным краем, спадабаецца выданне «Дзіцячы атлас Беларусі. Замкі. Крэпасці. Бажніцы». Насуперак нягодам у нас засталося нямала цікавых і ўнікальных помнікаў архітэктуры. Кожны дэманструе свой час, эпоху, людзей, іхнія жаданні, густы, магчымасці. Нашы помнікі – адзін з тых падмуркаў, на якіх і будуецца ўсведамленне сябе як чалавека, які ведае свае карані.
Энцыклапедыя Мікалая Плавінскага «Як жылі продкі. Штодзённае жыццё людзей на тэрыторыі Беларусі ў X – XIII стагоддзях» у папулярнай форме раскажа школьнікам аб жыццёвым шляху чалавека ад нараджэння да смерці, яго занятках, турботах і забавах, уяўленнях аб сабе і іншых людзях, навакольным свеце і прасторы.
Лепшыя вершы, казкі, апавяданні пра зіму і Новы год, пра вясну і вясновыя святы вядомых беларускіх пісьменнікаў сабраны ў зборніках «Беларуская вясна» і «Беларуская зіма».
А дзякуючы кнігам Сяргея Зелянко «Літары – пярэваратні: аканне і яканне» і «Знаёмыя незнаёмцы: сакрэты літар» юныя аматары чытання дазнаюцца пра гісторыю літар і іх важнае значэнне ў беларускай мове.