Літаратурная гасцёўня «Маіх радкоў няма без Беларусі» прайшла ў цэнтры вольнага часу для пажылых людзей у аграгарадку Верцялішкі. Творчы вечар быў прысвечаны юбілею мясцовай паэткі Валянціны Козел. Дзясяткі людзей сабраліся павіншаваць Валянціну Міхайлаўну з 80-годдзем. Сярод гасцей –дачка, былыя калегі, вучні і сябры імянінніцы.
Валянціна Козел ужо шмат гадоў з'яўляецца наведвальнікам цэнтра, тут без яе творчасці не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Падчас вечара гучалі шчырыя віншаванні, сябры Валянціны ўспаміналі гісторыі з яе жыцця, дзякавалі за працу і творчасць. Прыемным падарункам Валянціне Міхайлаўне стаў белы карункавы каўнерык, зроблены майстрам цэнтра. Сюрпрыз прыйшоўся юбілярцы да спадобы, бо ў свае 80 яна сапраўдная модніца. На радасць імянінніцы і яе гасцей гучалі песні, якія выконваў акапэльна мясцовы вакальны калектыў. У тым ліку кампазіцыі, напісаныя на вершы Валянціны Козел.
Паэтка прачытала свае любімыя вершы, прысвечаныя бацькам, дому, сваёй маладосці. Яна нагадала прысутным, што дар складання вершаў прыйшоў да яе ў 40 гадоў. Але гэта не перашкодзіла ёй назапасіць багатую літаратурную спадчыну: чатыры зборнікі вершаў, дваццаць агульных сшыткаў з невыдадзенымі вершамі і больш за тысячу прыпевак.
Госці ўпэўнены, што Валянціна Міхайлаўна – шчаслівы чалавек, бо яна клапатлівая матуля і бабуля, дасведчаны педагог, добры сябар, таленавітая паэтка.