Яшчэ з дахрысціянскіх часоў сярод простага люду існавала меркаванне, што вясну абавязкова трэба паклікаць, інакш яна не прыйдзе, а зімовы перыяд з маразамі і снегам зацягнецца надоўга. Пра абрад гуканне вясны расказвае кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГрДУ імя Я. Купалы, фалькларыст Руслан КАЗЛОЎСКI.
– У які час нашы продкі пачыналі гукаць вясну?
– Даўней новы год пачынаўся з 1 сакавіка (сучасная дата – 14 сакавіка). З гэтага дня і пачыналіся абрады гукання вясны, і доўжыліся яны да тых дзён, калі зямля прагрэецца і аратыя не выйдуць на земляробчыя працы ў палі. На Стрэчанне (Грамніцы) 15 лютага пачыналі варажыць на поспех у вядзенні гаспадаркі ў вясновы перыяд земляробчага календара.
– Раскажыце падрабязней пра абрад.
– Вясна ўяўлялася ў выглядзе маладой прыгожай дзяўчыны багіні Лялі, якую можна было ўбачыць на лугах і палетках. Адсюль і паходзіць народны камплімент дзяўчатам «прыгожая як лялька», гэта значыць як багіня вясны. У беларускага народа нават існавала асобнае вясновае свята ляльнік у гонар багіні Лялі (Лёлі), дачкі Лады. Праводзілася 5 мая. Прыгажуню-вясну трэба было не проста паклікаць, а выказаць сваю павагу рытуаламі, спевамі, карагодамі і гульнямі. Гуканне вясны супадала з вялікім перадвелікодным хрысціянскім постам, таму ў народнай культуры ў вясновы перыяд шчыльна перапляліся хрысціянскія і народныя абрады і звычаі.
Гукаць вясну пачыналі ў нядзелю, калі ўжо з'явіліся першыя пралескі. Загадзя пяклі з цеста птушак, часцей жаваронкаў, і выносілі ў поле. Паводле народных уяўленняў, птушкі з выраю на сваіх крылах прыносілі цяпло. «Жавароначкі, прыляціце, вясну-красну прынясіце», – спявалася ў песнях-заклічках. Птушак падкідвалі ўверх, каб хутчэй з'явіліся рэальныя жаваронкі, як вестуны надыходзячай вясны. Птушак з печыва клалі на галовы і бегалі па вуліцах, прывязвалі да галінак, садзілі на стрэхі хат і хлявоў.
– Якия абрады насілі элементы калядных?
– Моладзь са спевамі хадзіла па хатах, гукала вясну і ў дварах ці каля іх вадзіла карагоды: «Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць». Падобны тэкст сустракаецца ў абрадзе калядавання: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць». Гукалі вясну з высокіх месцаў: пагоркаў, стрэхаў хат. Нават перагукваліся паміж вёскамі. Дзяўчаты спявалі песні-вяснянкі. Іх асаблівасцю з'яўляецца тое, што кожны слупок сканчаецца «Гу». На пагорках палілі штовечар вогнішчы, вакол якіх вадзілі карагоды і нават скакалі праз агонь, як на Купаллі.
– Якое значэнне меў гэты рытуал?
– Спальванне старых рэчаў сімвалізавала развітанне з холадам, амалоджванне навакольнага свету і абуджэнне прыроды вясной. Рытуальнае вогнішча, лічылася, ачышчала зямлю і павінна было паспрыяць разгаранню вясновага сонейка. Таксама ў мясцовасцях, дзе ёсць рэкі, запаленае кола клалі на плот і пускалі пад выкананне магічна-рытуальных песень па вадзе.
– Навошта на Звеставанне (Благавешчанне) нашы продкі клікалі буслоў?
– Паводле народнага меркавання, гэтыя птушкі спрыяюць багатаму ўраджаю зерневых. Вясна ў песнях паказваецца з павагай, як жаданая госця. Спявалася не толькі пра пасяўныя земляробчыя працы, але і пра радасны збор ураджаю падчас жніва.
– А на якія прыкметы звярталі ўвагу нашы продкі?
– Многія назіранні народа сталі ўстойлівымі выразамі: вясна не мясна, а восень не малочна; багата вясна кветкамі, а лета палеткамі; вясновы дзень год корміць і іншыя. Калі на Грамніцы певень нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я вол наесца травіцы. Гэта значыць, што калі на Грамніцы растане снег, то на Юр'я на лугах будзе ўжо трава. Калі на 22 сакавіка мароз, то трэба чакаць яшчэ сорак маразоў. Калі ўпору пасееш, то і ўпору пажнеш. Калі на лёд грыміць, тады вясна будзе халодная. Вясной зверху пячэ, а знізу марозіць. Вясна-красна, хоць і галадна.