У назвах вуліц Гродна мы штодня сустракаем імёны людзей, пра якіх не ведаем. Кім яны былі? Які подзвіг здзейснілі? Чаму памяць пра іх захоўваецца менавіта тут? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў новай кнізе ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Браніслава Ермашкевіча «Я з таго пакалення». Прэзентацыя зборніка нарысаў і вершаў адбылася ў Гродна напярэдадні Дня народнага адзінства.
У кнізе аўтар звяртаецца да лёсаў людзей, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны абаранялі і вызвалялі Радзіму, а пасля сталі часткай гісторыі Гродзеншчыны. Гэта героі Савецкага Саюза і Беларусі, імёны якіх носяць вуліцы, людзі, увекавечаныя ў Кнігах Славы, а таксама тыя, чый подзвіг сёння нагадваюць мемарыяльныя дошкі.
Браніслаў Ермашкевіч рыхтаваў кнігу да 80-годдзя Вялікай Перамогі, аднак пабачыла свет яна ўжо на наступны год. Для аўтара гэта не змяншае яе значэння. Памяць пра вайну, лічыць ён, не павінна залежаць ад каляндарных дат.
– Я рады, што кніга выйшла менавіта зараз. Кніга арыентавана найперш на моладзь. Але гэта не значыць, што людзі майго пакалення ведаюць усё. Таму трэба чытаць, вучыцца і захоўваць у сэрцы подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, – адзначыў аўтар.
Сёлета паэту спаўняецца 90 гадоў. За плячыма Браніслава Іосіфавіча – насычанае жыццё, у якім былі вайна, ваенная служба, праца ў школе і літаратура. Нягледзячы на ўзрост, ён захоўвае дзіўную жыццярадаснасць, а галоўнае – цікавасць да людзей і гісторыі.
Вайна прыйшла ў сям’ю Ермашкевічаў з першых яе дзён. Бацьку Браніслава Іосіфавіча прызвалі ў армію. З вайны ён не вярнуўся – прапаў без вестак. Дом, які пабудаваў бацька, пазней спалілі немцы. Дзяцінства будучага паэта прайшло праз голад, холад і пасляваенную разруху. Менавіта гэтыя падзеі і паўплывалі на яго выбар – звязаць жыццё з ваеннай службай.
Адэса, Масква, Слуцк, Мінск, Бірабіджан, Далёкі Усход, Германія – геаграфія службы Браніслава Ермашкевіча шырокая. Усе гэтыя гады побач з ім была жонка. Яна падтрымлівала мужа на працягу ўсяго жыццёвага шляху і стала адной з тых, хто быў побач з ім і падчас прэзентацыі новай кнігі.
У 1982 годзе Браніслаў Іосіфавіч выйшаў у адстаўку ў званні маёра. Ён працаваў настаўнікам – ваенруком у Путрышкаўскай сярэдняй школе. На той час быў ці не адзіным былым вайскоўцам ва ўстановах адукацыі Гродзенскай вобласці.
А праз некалькі гадоў у яго жыцці з’явілася яшчэ адна важная справа – літаратура. Напярэдадні свайго 60-годдзя Браніслаў Ермашкевіч адчуў натхненне ўзяцца за пяро. Праз тры гады выйшаў першы зборнік. З таго часу паэзія і публіцыстыка сталі неад’емнай часткай яго жыцця.
Новая кніга «Я з таго пакалення» складаецца з сямі раздзелаў: «Героі Савецкага Саюза і Беларусі з Гродзеншчыны», «Іх імёнамі названы вуліцы», «З Кнігі Славы Гродзенскай вобласці», «З Кнігі Славы горада Гродна», «Яго імем названа бібліятэка ў горадзе Гродна», «Ім устаноўлены мемарыяльныя дошкі» і «Вершы». Выданне дапоўнена фотаздымкамі з архіваў і адкрытых крыніц.
На прэзентацыі кнігі гаварылі не толькі пра яе змест, але і пра тое, чаму такія выданні сёння неабходныя. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДзУ імя Янкі Купалы Руслан Казлоўскі звярнуў увагу на тое, што многія гістарычныя імёны застаюцца для сучаснага чалавека малавядомымі.
– У гэтай кнізе расказваецца пра вялікіх людзей, пра якіх сёння мала хто ведае. Людзі ходзяць па вуліцах горада і не задумваюцца, у гонар каго яны названы. А гэта былі сапраўдныя героі, якія абаранілі нас ад фашызму і сусветнага зла. Я лічу, што такую кнігу варта мець у кожнай школе. Стыль Браніслава Іосіфавіча здольны аказаць на чытача глыбокае эмацыянальнае ўздзеянне, – адзначыў Руслан Казлоўскі.
Асаблівае месца ў творчасці Браніслава Ермашкевіча займае ваенная тэма. Для яго гэта не толькі старонкі гісторыі, але і асабістая памяць – гісторыя ўласнай сям’і, бацькі, якога ён страціў у дзяцінстве. Таму яго вершы пра вайну гучаць асабліва шчыра. На гэта звярнула ўвагу і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.
– Мы вельмі рады, што ў такім паважаным узросце Браніслаў Іосіфавіч так плённа працуе, знаходзіць сілы і час, каб дарыць нам новыя цудоўныя кнігі. Я вельмі люблю яго вершы. Мяне кранае, як шчымліва ён піша пра сваё няпростае дзяцінства, – адзначыла яна.
Сярод ганаровых гасцей на прэзентацыі былі старшыня Гродзенскага райвыканкама Валерый Хелскі, намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Андрэй Мацкевіч і старшыня СПК «Азёры Гродзенскага раёна» Аляксандр Шышко. Усім ім аўтар падарыў падпісаныя асобнікі свайго новага зборніка.








