Прэзентацыя чарговага літаратурнага альманаха Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «На нёманскай хвалі» адбылася ў аграгарадку Свіслач Гродзенскага раёна.

Месца правядзення мерапрыемства было выбрана не толькі таму, што змест альманаха цалкам прысвечаны Году малой радзімы. Аўтары прыехалі сюды, каб выказаць удзячнасць СВК «Свіслач» і асабіста яго кіраўніку Васілю Мікалаевічу Густыру за спонсарскую дапамогу ў выданні альманаха.

Удзячнымі слухачамі пісьменнікаў і паэтаў былі выхаванцы старэйшай групы дзіцячага садка аграгарадка Свіслач і вучні пачатковых класаў Свіслацкай СШ. З улікам такой аудыторыі ў кожнага з гасцей знайшлося, чым парадаваць падрастаючае пакаленне. Акрамя вядомых гродзенскіх дзіцячых пісьменніц Таццяны Сучковай і Ганны Скаржынскай-Савіцкай, свае вершы пра маленькіх персанажаў прачытала Людміла Шаўчэнка. Пісьменнік-фантаст і бурэміст Пётр Сямінскі рассмяшыў залу гумарыстычнымі вершаванымі радкамі, у якіх кожнае слова пачынаецца з адной і той жа літары. Паэтка Тамара Мазур знайшла кантакт з маленькімі слухачамі: прадэкламавала верш пра газету і прэзентавала старонкі чытанкі-маляванкі «Літарынка», якія з задавальненнем услых прачыталі самі дзеці.

Трэба адзначыць, што мова выхавання і навучання ў Свіслацкіх садку і школе беларуская. Таму дзецям былі зразумелыя і выклікалі цікавасць выступленні намесніка старшыні Гродзенскага аддзялення СПБ Дзмітрыя Радзівончыка і блогера Анатоля Апанасевіча пра сучасныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры і сферы камунікацый.

Напрыканцы мерапрыемства аўтары падарылі СВК «Свіслач», сектару па арганізацыі культурна-масавай работы, бібліятэцы і школе аграгарадка  Свіслач альманах №6 з аўтографамі і свае новыя кніжкі.

Фота Анатоля АПАНАСЕВІЧА.