Скідзельшчына – самабытны куточак Беларусі з багатай і цікавай гісторыяй. Тут нарадзілася шмат таленавітых людзей. Сярод іх – паэт-рэвалюцыянер былой Заходняй Беларусі Міхась Васілёк (Міхаіл Восіпавіч Касцевіч).
А быў ён родам нездалёк –
Там Котра хвалю сцеле.
І жыў на свеце Васілёк,
Або Міхась Касцевіч…
Для свайго літаратурнага імя ён узяў назву кветкі, якая даўно стала сімвалам красы Беларусі. Васілёк заўсёды рос на сялянскай ніве побач з коласам. На добрай народнай ніве выспяваў і паэтычны талент Міхася Васілька.
Нарадзіўся паэт 14 лістапада 1905 года ў вёсцы Баброўня Гродзенскага раёна ў сям’і лесніка. Звычайнае басаногае дзяцінства, у час імперыялістычнай вайны выехаў з бацькамі ў Расію. Там перажыў рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну, скончыў сярэднюю школу. Там памерла яго маці. У 1922 годзе сям’я вярнулася ў мілую сэрцу Баброўню, дзе ўжо гаспадарыў белапольскі рэжым, дзе чакалі малазямелле і беднасць.
Свае творы пачаў друкаваць у 1926 годзе. Рэдка які нумар “Маланкі” выходзіў без вершаў Васілька.
У 1929 годзе ў Вільні выйшаў першы зборнік паэзіі “Шум баравы”, канфіскаваны паліцыяй. Імя Васілька ведаў у Заходняй Беларусі кожны дарослы. Яго вершы завучвалі на памяць, чыталі на рэвалюцыйных сходках і мітынгах. Паэт стаў адным з пачынальнікаў літаратуры Заходняй Беларусі.
Радкамі сваіх твораў ён перадаваў думкі і пачуцці заходнебеларускіх працаўнікоў, цярпеўшых жорсткі нацыянальна-духоўны прыгнёт ва ўмовах рэжыму, апяваў свабоду, з’едліва высмейваў паноў.
Міхась Васілёк змагаўся за свабоду і шчасце свайго народа. Самае запаветнае жаданне паэта:
Каб красавала свабодная ніва.
Каб дачакаўся ўраджайнага жніва
Край падняволены мой.
Яго праследавалі паліцыя, улады, не раз арыштоўвалі, садзілі ў турму. У 1937 годзе выйшаў у Вільні зборнік яго вершаў “З сялянскіх ніў.” У 1939-м Васілька мабілізуюць у польскае войска. Неўзабаве трапіў у гітлераўскі палон, дзе сустрэўся з Янкам Брылём. Ён успамінае, што з асаблівай жорсткасцю і лютасцю фашысты адносіліся да польскіх салдат, і нават Васільку, які прывык да гора і слёз, жыццё ў палоне здавалася пеклам.
Летам 1941 года ўдалося ўцячы з палону і дабрацца да родных мясцін. Дома ён уключаецца ў антыфашысцкую барацьбу, становіцца старшынёй Скідзельскага антыфашысцкага камітэта, які аб’ядноўвае 19 груп. У гады вайны вершы паэта змяшчаюцца ў партызанскім друку пад псеўданімам Язэп Гром.
У 1944-46 гадах Міхась Васілёк працуе ў Скідзельскай раённай газеце “Чырвоны сцяг”, з 1949 года – у абласной газеце “Гродзенская праўда”.
У пасляваенны час выйшлі яго кнігі “Выбраныя вершы” (1950 г.), “Выбраныя творы” (1955 г.), “Зоры над Нёманам” (1963 г.), “Вершы” (1973 г.).
Памёр Міхась Васілёк у верасні 1960 года.
Праз усё жыццё і творчасць паэт пранёс непагасную любоў да сваёй Радзімы, да свайго народа, да яго культуры, мовы, да бацькоўскай зямлі з яе лугамі, з песнямі жаўрукоў і сярэбраным звонам крыніц. Жыццё яго патухла рана, але на роднай зямлі будуць цвісці васількі. Памяць пра любімага паэта не згасне.
У знак памяці паэта адна з вуліц Скідзеля носіць яго імя. А 17 лістапада 1992 года ў Скідзельскім ліцэі быў адкрыты літаратурна-краязнаўчы музей імя М. Васілька. У сакавіку 2018 года музею прысвоена званне народны.
За час існавання музея ў ім пабывала каля 36 тысяч наведвальнікаў. Музей наведваюць навучэнцы ліцэя, вучні школ, настаўнікі, студэнты, майстры вытворчага навучання ПТУ, бібліятэкары, госці нашага горада. Былі ў музеі дэлегацыі з Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Галандыі, ЗША.
Алена САЛЕЙ, загадчык народнага літаратурна-краязнаўчага музея імя М. Васілька УА “Скідзельскі дзяржаўны
сельскагаспадарчы ліцэй”.