У аддзеле мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага працуе выстава «Забытая вайна».
Яна арганізавана ў рамках творчага праекта «Дакрануцца да гісторыі». На ёй прадстаўлена 900 экспанатаў, якія даюць магчымасць уявіць жудасныя падзеі Першай сусветнай вайны. Паштоўкі ваеннага часу, рарытэтныя фотаздымкі, перыядычныя выданні і кнігі, архіўныя дакументы, манеты, узнагароды, памятныя медалі, рэчы салдацкага побыту – тое, што можна ўбачыць на выставе.
Загадчыца аддзела мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага Лілія Хадароўская заўважыла, што экспазіцыю складаюць кнігі і перыёдыка не толькі з фондаў бібліятэкі, але і з прыватных калекцый чытачоў. Большая частка рарытэтных экспанатаў належыць гродзенскаму краязнаўцу, калекцыянеру Аляксандру Сявенка. Яго прадзеды змагаліся ў складзе Рускай арміі на франтах Першай сусветнай вайны. Як паведаміў Аляксандр Віктаравіч, у сям’і заўсёды захоўваліся іх фотаздымкі, якія перадаваліся праз пакаленні і ўяўлялі сабой незвычайную каштоўнасць. Адзін з прадзедаў быў унтэр-афіцэрам 249-га Дунайскага пяхотнага палка 63-й пяхотнай дывізіі, адважным байцом, выдатным стралком, які заслужыў малодшае унтэр-афіцэрскае званне. А яго траюрадны брат скончыў лётныя курсы пры Петраградскім політэхнічным інстытуце, пазней стаў лётчыкам Рускага авіяцыйнага корпуса ў Вялікабрытаніі.
Сярод экспазіцыі ёсць фотаздымак авіятара, рэпрадукцыя сертыфіката аб заканчэнні лётнай школы ў англійскім горадзе Тэтфардзе і допуску да пілатавання самалёта мадэлі «Фарман», а таксама копіі яго ўзнагарод: Брытанская ваенная медаль 1914-1918 гадоў і медаль за ўдзел у Першай сусветнай вайне. Гэтыя рарытэты прадстаўлены англійскім музеем Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл. Яшчэ адзін прадзед, жыхар Гродзенскага павета, спазнаў як нягоды вайны, так і германскі палон.
На выставе можна заў-важыць і тыя экспанаты, якія паведамляюць не толькі аб рускай, але і нямецкай, аўстра-венгерскай арміях, аб войсках саюзнікаў Расіі. Сярод іх і тыя, што прысвечаны імператарскім асобам і вядомым военачальнікам.
Асаблівую цікавасць выклікаюць фрагмент роставага партрэта рускага імператара Мікалая II, фарфоравая талерка з выявай германскага кайзера Вільгельма II і каляровы каляндар, на якім паказана царская сям’я. Некаторыя паліцы запоўнены экспанатамі, якія паведамляюць аб Гродзенскім гарнізоне, крэпасці Гродна, а таксама аб Лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка.
Сярод кніг, якія прад-стаўлены на выставе, можна бачыць новыя беларускія, расійскія і нават англійскія выданні аб Першай сусветнай вайне. Ёсць рарытэтныя нямецкія, аўстрыйскія і рускія выданні кніг, букіністычныя рэдкасці 20-х і 30-х гадоў. Напрыклад, сярод экпанатаў знаходзіцца кніга, якая была выдадзена ў 1917 годзе, яшчэ пры жыцці знакамітага нямецкага аса Першай сусветнай вайны барона фон Рыхтгофена. Яна расказвае пра яго паветраныя перамогі. Адно з рарытэтных нямецкіх выданняў прысвечана Брэсцкаму міру, другое – штурму рускай крэпасці Нова-Георгіеўск.
Выдатнымі экзэмплярамі выставы з’яўляюцца расійскія штотыднёвікі «Нива» і «Огонёк», якія ў кожным нумары публікавалі партрэты загінуўшых герояў, шматлікія артыкулы і фотаздымкі ваеннай тэматыкі. Не менш значнымі выступаюць «Летопись войны 1914-1915 гг.», нямецкія часопісы «Великая война» і інш.




Фото Ярослава Ванюкевича.








