Яна дапаможа работнікам культуры ў галіне народнай творчасці і актывістам аматарскіх калектываў даследаваць традыцыйную культуру краю і распаўсюджваць рэгіянальнае мастацтва ў розных яго формах. Як паведаміла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч, да захавання і вывучэння аўтэнтычнага фальклору і народных традыцый далучаць таксама дзяцей і моладзь. З гэтай мэтай у 2020 годзе музеі і музейныя экспазіцыі ў аграгарадках Індура, Адэльск, Абухава, гарадскім пасёлку Сапоцкін, вёсцы Зарачанка будуць працаваць з новым праектам «Музей і дзеці». Так, у Індурскім цэнтры культуры ўжо пачаліся заняткі ў «Школе батлейкі».
 
Свайго роду духоўны падмурак, сховішча каштоўнасных арыенціраў – народныя каляндарныя абрады, якія адлюстроўваюць тысячагадовыя прадстаўленні нашых продкаў пра навакольны свет. 29 лютага кіраўнікоў фальклорных калектываў, спецыялістаў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра, бібліятэкараў, перспектыўную моладзь з рэзерву кадраў і актывістаў аматарскіх аб’яднанняў для пажылых людзей запрасілі на семінар «Старажытныя народныя святы і абрады, сакральныя язычніцкія і хрысціянскія месцы, традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы і іх пазіцыянаванне як аб’ектаў турыстычнага бізнесу». У аграгарадку Капцёўка разам з загадчыкам Капцёўскага цэнтра культуры Эльвірай Чыжанковай і ксяндзом Міхалам Ластоўскім яны наведалі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з цудадзейным абразом іконы Божай Маці Яснагурскай, убачылі «гару надзей» – другое па велічыні ўзвышша ў Гродзенскім раёне – і алею памяці з магільных камянёў. Яшчэ больш аб гісторыі аграгарадка ўсе даведаліся ад бібліятэкара Капцёўскай бібліятэкі Аллы Варанко. 
 
Падчас этнавандроўкі ў вёску Жытомля ўдзельнікі семінара гукалі вясну «па-старому». Па народнаму звычаю ад таго, як яе сустрэнеш, залежыць дабрабыт хатняй гаспадаркі. Было ўрачыста, весела і шумна. У рамках творчай майстэрні «Жывая традыцыя» народны фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці і народны тэатр народнай песні «Матуліна песня» Жытамлянскага дома фальклору зладзілі сапраўднае свята. У атмасферу народнай песеннай і танцавальнай культуры жыхароў і гасцей вёскі пагрузілі песні-«вяснянкі», карагоды, побытавыя танцы і традыцыйныя беларускія веснавыя гульні. Гаспадыні Ірына Стральчэня з Абухава, Лілія Розмысла і Галіна Міклашэвіч з Жытомлі частавалі прысутных «жавароначкамі» з цеста. Рабіць папяровых і саламяных птушак, вясновыя паштоўкі, абярэгі ў выглядзе лялек вучылі майстры аддзела этнаграфіі, фальклора і рамёстваў. У парку развесілі новенькія рознакаляровыя шпакоўні.
 
А вынікам вандроўкі-рэпартажу «Сацыяльныя сеткі як сродак папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і традыцыйнага мастацтва» стане выпуск невялікага відэароліка пра абрад «Гуканне вясны».