На фоне пандэміі і заняпаду міжнароднага турызму небывалы ўздым перажывае ўнутраны. Надзеі на тое, каб вывесці яго на новы якасны ўзровень, ускладаюць у тым ліку і на ўстановы культуры. На мінулым тыдні шляхі развіцця культурна-пазнавальнага турызму «намацвалі» на раённым флэш-семінары «Event-туры ці абрадавы турызм як драйвер развіцця сельскага турызму».
Чаго не хапае Гродзенскаму раёну, каб стаць турыстычна прывабным? Як зрабіць каранавірус сваім саюзнікам? У музеі «Код памяці» Зарачанскага дома народнай творчасці на гэтыя пытанні спрабавалі адказаць работнікі ўстаноў культуры, бібліятэкары, кіраўнікі фальклорных калектываў, спецыялісты аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.
Па меркаванні вядучага метадыста па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызму цэнтра Наталлі Рамановіч, у трэндзе цяпер – абрадавы турызм:
– У мінулым годзе нашы жыхары аддавалі перавагу не звычайным культурным імпрэзам, а рэканструяваным і адноўленым абрадам. Таму мы пачалі арганізоўваць каларытныя падзейныя туры для вузкага кола зацікаўленых. Гэта выдатны спосаб больш цесна і глыбока пазнаёміцца з народнай культурай.
У 2020 годзе рэалізаваны новыя праекты «Сход калядоўшчыкаў», «Сход валакайнікаў», Тыдзень фальклору «Вяртанне да вытокаў», Школа фалькларыстаў, «Гуканне вясны». У наступныя месяцы «турыстычнае» меню плануюць разнастаіць абрадам «Юр’е», фальклорна-анімацыйнай праграмай «Юр’еўская яешня», Святам пастухоў.
Дарэчы, падзейныя і абрадавыя мерапрыемствы лепш за ўсё працуюць на імідж клубных устаноў, упэўнена Наталля Іосіфаўна. Але прызнаецца, што пакуль выдаткі ў культурным турызме акупляюцца зрэдку. Вядома, заўсёды знойдуцца нейкія вострыя і важныя праблемы, на рашэнне якіх трэба накіраваць сродкі. Тым не менш сёння культработнікі знаходзяцца ў выйгрышным становішчы. Калі ўмела скарыстацца козырамі на руках, можна атрымаць выгаду.
Неабходна задумацца і пра пашырэнне аудыторыі. Так, комплекс калядных мерапрыемстваў і «Масленічныя забавы» ў аграсядзібах раёна прыцягнулі шмат сямей. Наступны крок – падштурхнуць да вандровак па сваім родным краі школьнікаў і моладзь. Парадокс: павагу да гістарычнага мінулага ў іх выхоўваюць музейныя экспазіцыі і пакоі, майстар-класы, інтэрактыўныя і фальклорна-абрадавыя лекцыі ва ўстановах культуры другіх рэгіёнаў Беларусі. Хаця ўсё гэта ёсць і ў нас.
Прагназаваць, калі ў Гродзенскі раён зноў пацягнецца ручай турыстаў, цяжка. Але работнікі культуры ўжо рыхтуюцца да сустрэчы гасцей. Пракладваюцца новыя культурна-турыстычныя маршруты. Адзін з іх, этнаграфічны, звяжа Мількаўшчыну, Абухава і Зарачанку. З’явіцца культурна-турыстычны маршрут народных рамёстваў «Сцежкамі нашых продкаў» праз Зарачанку, Каробчыцы, Адэльск, Індуру і Капцёўку, які ўключыць серыю інтэрактыўных лекцый пра розныя віды народнай творчасці на прыкладах з музейных экспазіцый: беларускія народныя рушнікі і ткацтва, саломапляценне, драўляныя музычныя інструменты і іншыя вырабы, традыцыйную пісанку, кераміку і народны жывапіс, абярэгавыя і традыцыйныя лялькі.
Незабыўныя ўражанні, эмоцыі і перажыванні гарантуе ўсім маршрут «Нараджэнне хлеба», што злучыў Зарачанку і Адэльск. Удзельнікі адноўленага абраду «Выпяканне хлеба» даведаюцца, як вырошчвалі жыта, малацілі яго, а потым пяклі з мукі каравай. У стылізаванай сельскай хаце ў Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці рытуал суправаджаецца аповедам пра прыстасаванні для прыгатавання хлеба, сакрэты замешвання цеста, старажытнымі сакральнымі дзеяннямі і заклёнамі, песнямі, прымаўкамі і прыгаворкамі адэльчанаў. Разыначка экскурсіі – дэгустацыя духмянага акрайца з хатнім маслам.
Такім чынам, нішто не перашкаджае захавальнікам і носьбітам традыцый Гродзенскага раёна зарабляць грошы на культурна-гістарычнай спадчыне. Самае складанае – паспяхова інтэграваць яе ў свае турпраграмы. Каб і пасля таго, як каранавірус поўнасцю адступіць, нашы землякі захацелі зноў і зноў вандраваць па Сінявокай.