Пытанне да знаўцаў гісторыі гродзенскай журналістыкі: што ці, дакладней, хто аб’ядноўвае астравецкую і гродзенскую раённыя газеты, “Гродзенскую праўду” і “Беларусь сегодня”?

Думаю, у многіх узніклі цяжкасці з адказам, таму падкажу: Пётр Андрэевіч Суткаленка. Ён быў адказным рэдактарам “Сталінскай праўды” – такую назву насіла пасляваенная астравецкая “раёнка”. Затым узначальваў калектыў гродзенскай раённай газеты “За Советскую Родину”, працаваў у “Гродзенскай праўдзе”. А завяршыў журналісцкую кар’еру ў “Советской Белоруссии”. 

Пётр Андрэевіч Суткаленка нарадзіўся 28 жніўня 1922 года ў вёсцы Падгалле Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Да вайны паспеў не толькі скончыць педагагічны тэхнікум і папрацаваць настаўнікам, але і ажаніцца.
З першых дзён вайны Пётр Андрэевіч адправіўся на фронт і прайшоў франтавыя дарогі пехацінцам, як кажуць, ад званка да званка. Неаднойчы быў паранены. Яго баявы шлях адзначаны медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй” і шэрагам іншых дзяржаўных узнагарод. 

Пасля вайны Пятра Андрэевіча накіравалі ў Астравец – як было запісана ў камандзіровачным пасведчанні, “для аднаўлення савецкай улады”. 

У 1948 годзе Пятра Андрэевіча прызначылі адказным рэдактарам раённай газеты. Пад яго кіраўніцтвам “Сталінская праўда” зрабіла прыкметныя крокі наперад: у гэты час у святочных нумарах сталі з’яўляцца каляровыя загалоўкі, упершыню на яе старонках была надрукавана серыя фотаздымкаў лепшых працаўнікоў раёна. Друкарня райгазеты стала аказваць паслугі па друкаванні бланкаў: аб’ява пра гэта ўпершыню з’явілася на старонках газеты ў лютым 1950 года. 

Пётр Андрэевіч быў не толькі ініцыятыўным, энергічным кіраўніком, генератарам ідэй – пра гэта ўспамінаюць тыя, хто працаваў з ім у больш познія часы, – але і цудоўным журналістам. І хоць тады рэдактар, як правіла, не падпісваў свае матэрыялы ўласным прозвішчам (толькі псеўданімам ці ўвогуле яны друкаваліся ананімна), адметны стыль Суткаленкі ўгадваецца ў многіх публікацыях. Да прыкладу, у № 45 за 5 чэрвеня 1949 года ў артыкуле «Будзем спадзявацца…». 

Пасляваеннае жыццё ў Астраўцы было неспакойным: у Заходняй Беларусі гаспадарылі бандыты, і Марыя Якаўлеўна, жонка, якая, дарэчы, працавала ў рэдакцыі “Сталінскай праўды” друкаром, кожны раз праводзіла мужа ў камандзіроўку, як на вайну, – не магла супакоіцца да таго часу, пакуль ён не вернецца. Пазней у нумарах “Гродзенскай праўды” Пётр Суткаленка апісваў некаторыя дэталі пасляваеннага жыцця ў Астраўцы, расказваючы паміж іншым, як падчас вясковага сходу ў Дайлідках былі забіты бандытамі старшыня планавай камісіі райвыканкама Мікалай Калгушкін і старшыня мясцовага сельсавета Іван Ушакевіч. 

Ды і Пётр Андрэевіч выязджаў на раён з пісталетам у кішэні: зброя была патрэбна не дзеля “форсу”. 

У 1950 годзе Суткаленка паступіў у Вышэйшую партыйную школу ў Мінску, пакінуў Астравец і перайшоў адказным рэдактарам ў Гродзенскую раённую газету “За Советскую Родину” (цяперашняя “Перспектива”. – Заўв. аўт.) – захавалася нават яго тагачаснае пасведчанне.

Пра тое, з-за чаго Пётр Андрэевіч пакінуў пасаду адказнага рэдактара Гродзенскай “раёнкі”, расказаў выбітны журналіст свайго часу Аляксандр Акулік.

У тыя гады адказныя рэдактары былі членамі бюро райкама партыі. Здарылася трагічная сітуацыя, у якой быў замешаны першы сакратар райкама. Абкам абышоўся з партыйным кіраўніком крута, пакараў па ўсёй строгасці. Члены бюро палічылі пакаранне занадта жорсткім і паспрабавалі абараніць свайго кіраўніка ў Маскве: напісалі пісьмо ў ЦК КПСС. Такое “вальнадумства” дорага каштавала “падпісантам” таго звароту: яны атрымалі партыйныя спагнанні. А Пятра Суткаленку, як завадатара, знялі з работы і перавялі ў “Гродзенскую праўду” радавым літаратурным работнікам – “літрабам”, як жартам называлі гэтую пасаду журналісты. Гэты ўчынак характарызуе нашага героя як чалавека смелага, бескампраміснага, сумленнага.

Пётр Андрэевіч нядоўга быў “літрабам”: неўзабаве ён узначаліў аддзел сельскай гаспадаркі абласной газеты, а затым яго прызначылі намеснікам галоўнага рэдактара. 

З Гродна Пётр Суткаленка пераехаў у Мінск. Дваццаць гадоў, да выхаду на пенсію, ён працаваў загадчыкам аддзела партыйнага жыцця ў газеце “Советская Белоруссия”. Быў выбітным публіцыстам свайго часу, на яго артыкулах вучылі студэнтаў журфака. 

За сваю працу Пётр Суткаленка ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. 

У 1982 годзе яму прысвоена званне Заслужанага работніка культуры рэспублікі. З гэтай нагоды калегі напісалі яму вершаванае віншаванне:

Суткаленка на рабочым месцы.jpg
На рабочым месцы ў кабінеце гродзенскай "раёнкі"

Над Палессем вецер майскі. 
Вёска ўся узрушана:
Паляшук, мужык падгальскі,
Гляньце ж вы – Заслужаны!
У Падгаллі ён радзіўся,
У Падгаллі ціха рос, 
У Андрэя навучыўся
Хлеб расіць, збіваць пракос.
Рос у лесе, пры балоце,
Шлёпаў цераз лужыны,
Здабываў свой хлеб у поце…
А цяпер – Заслужаны!

Пётр Андрэевіч, куды б ні закідваў яго лёс, заўсёды цёпла ўспамінаў сваю малую радзіму. Часта наведваўся ў родную вёску Падгалле, гасціў у шматлікай радні.

– Бацька быў вельмі добрым, прыстойным, абавязковым чалавекам, заўсёды абараняў людзей, падтрымліваў іх, – успамінае дачка Валянціна Пятроўна. – Калі што абяцаў – абавязкова выконваў. З мамай яны пражылі, што называецца, душа ў душу: ён быў любімым і любячым мужам, бацькам, дзедам. Заўзяты грыбнік, меў свае адметныя грыбовішчы. Калі выйшаў на пенсію, стаў узорным дачнікам: усё ў іх з мамай было ў парадку, па толку…

Пётр Андрэевіч Суткаленка памёр у 2001 годзе. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.