Да свята беларускага слова рыхтуюцца не толькі літаратары і бібліятэкары. Работнікі музеяў таксама прадставяць свае скарбы. У другі дзень свята, 1 верасня, супрацоўнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея падрыхтуюць унікальную калекцыю кніжнай спадчыны роду Пуслоўскіх.
– Прадстаўнікі роду Пуслоўскіх былі ўладальнікамі шматлікіх маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, – распавядае Алена Развановіч, загадчыца аддзела рэдкай кнігі. – У Слоніме яны валодалі маёнткам «Альберцін». У нас у музеі захоўваецца кнігазбор роду Пуслоўскіх, які нам падарыла ў 1927 годзе дачка Вандаліна Пуслоўскага графіня Марта.
Як вядома, беларускія магнаты любілі калекцыяніраваць карціны і кнігі. Бібліятэка роду Пуслоўскіх налічвала каля десяці тысяч кніг, якія выдаваліся з XV ст. да пач. ХХ ст.
У Слонім супрацоўнікі гісторыка-археалагічнага музея павязуць толькі самыя цікавыя кнігі з гэтага збору, а таксама распавядуць гісторыю роду Пуслоўскіх.
Экспазіцыя пачне працаваць у 14.00 у Слонімскім краязнаўчым музеі імя І.І.Стаброўскага ў выставачнай зале.
Нагадаем, што ў гэтыя выхадныя ў горадзе над Шчарай пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Праграма свята разбіта на два дні.