Аматараў народнай творчасці зноў паклікалі ў Карэлічы «Галасы традыцый». Аднак сёлета сваімі культурнымі здабыткамі ўдзельнікі III Адкрытага рэгіянальнага фестывалю фальклору і рамёстваў здзіўлялі дыстанцыйна: рамеснікі, музыкі, выканаўцы аўтэнтычных песень і танцаў, акцёры дасылалі фота- і відэаработы.
 
Чарговую вяршыню пакарылі фальклорны калектыў з Квасоўкі і майстры народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклора і рамёстваў, адзначыла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтру Наталля Рамановіч. Так, народны фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці (рэжысёр Людміла Касянчук) стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі «Народныя спевы» («Мая спадчына»). Нашы артысты захапілі акапэльнай версіяй беларускай народнай песні «Канколю». Сапраўдным шэдэўрам быў прызнаны саламяны куфар Валянціны Краўчук, якая перамагла ў намінацыі «Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Уразілі журы і незвычайнай прыгажосці «Беларусачка» і «Каза-калядоўшчыца» яшчэ аднаго захавальніка і носьбіта традыцый саломапляцення Ірыны Шавельскай. Умеліца атрымала дыпломы лаўрэата II і III ступені.