Колькі іх на нашай роднай Беларусі! Маленькія і вялікія, пры дарогах і ў лясных гушчарах, чый лёс у ваенную часіну стаў аднолькава трагічным. Усе яны сталі сёстрамі, усіх іх з’яднала адно гора, адна гісторыя.
 
Вёскі Пузавічы, Шкленск, Сіні Камень, Полымя, Саламянка, Запур’е, Залясаны, Ятвезь, Горніца… Усе і не пералічыць. У раёне амаль што няма сельсавета, населеныя пункты якога ўцалелі б ад агню карнікаў. На каго ўзнімалася злачынная рука акупантаў? На маленькіх, ні ў чым не вінаватых дзяцей, бездапаможных старых, жанчын…
 
Гарэлі ў агні вёскі… Лілася кроў людзей…
 
 15 ліпеня (паводле іншых звестак 14) вёска Пузавічы (цяпер Партызанская) была акружана карнікамі ў пяць гадзін раніцы. Фашысты падпалілі хаты, а яе жыхароў і насельніцтва навакольных хутароў, больш за 500 чалавек, у той страшны дзень расстралялі. Яны забілі маладых жанчын Марыю Лазовік з паўтарамесячным дзіцём, Надзею Былец з двухмесячным дзіцём. Не злітаваліся каты над сіротамі Колем, Валодзею, Лідай Тулінскімі, Шурай і Марыяй Пыксамі, якіх гадавалі ўсёй вёскай. Усе забітыя былі закапаны ў ямах на ўскрайку вёскі. У чэрвені 1944 года пры адступленні акупанты адкапалі ямы, трупы пакідалі ў кучу, аблілі нейкай вадкасцю, абклалі дровамі і падпалілі.
 
Праз тры дні, 18 ліпеня, у час карнай аперацыі ў адзін дзень былі знішчаны тры вёскі – Шкленск, Сіні Камень, Полымя. Яны, як і вёска Пузевічы, былі партызанскімі, і распраўляліся з імі асабліва жорстка і бязлітасна. Лёс гэтых вёсак, як і лёс іх жыхароў, падобныя: насельніцтва, большасць якога былі дзеці, расстрэльвалі, а хаты палілі. Вёскі пасля вайны не адрадзіліся, усе яны – сёстры знішчанай Хатыні – увекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
 
У Шкленску перад вайной пражывалі 83 чалавекі з чатырма прозвішчамі: Варонкі, Галубы, Гарадзеі, Хохі. У той страшны дзень карнікі спалілі ўсе 17 двароў, 68 яе жыхароў расстралялі. Сярод іх было 38 дзяцей.
 
Вянзіны, Гірды, Папрукайлы, Ханевічы… Дзеці, жанчыны, старыя з вёскі Сіні Камень. Усяго 19 дзяцей і 31 дарослы, што загінулі ад куль, 57 спаленых хат. На месцы вёскі, за чатыры кіламетры на паўночны ўсход ад в. Бандары, стаіць абеліск.
 
Спрадвеку ў в. Дземша жыхары мелі прозвішчы Дземша. Было сярод іх шмат родзічаў, былі і проста цёзкі па прозвішчы. Вёска была невялікая, усяго 39 чалавек налічвалася ў ёй перад пачаткам вайны. У адзін дзень з вёскамі Шкленск і Сіні Камень была расстраляна Дземша. Сярод 36 забітых было 19 дзяцей… Адразу пасля вайны на магіле ахвяр фашызму быў пастаўлены помнік.
 
8 верасня 1943 года такі ж трагічны лёс напаткаў і в. Саламянка. 15 дзяцей і 11 дарослых былі расстраляны ў той восеньскі дзень. Сярод іх – сем’і Гарчаковых, Крукоўскіх, Чэкеляў, Януцэвічаў, Шубздаў. Антаніну Шубзда расстралялі з двухтыднёвым немаўлём, у якога і імя яшчэ не было…
 
18 верасня ў 10 гадзін раніцы атрад гітлераўцаў колькасцю да 300 чалавек акружыў вёску Запур’е. Усіх жыхароў сагналі ў адно месца, і расстралялі 12 сем’яў – 50 мужчын і жанчын, у тым ліку 18 дзяцей ад 6 месяцаў да 12 гадоў.
 
Самым крывавым на Гро-дзеншчыне быў 1943 год, калі ад куль загінулі дзясяткі соцень бязвінных ахвяр. Аднак і 1942 год быў такім жа крывавым для жыхароў мястэчка Індура. 2 лістапада 1942 года мястэчка было разбурана на 80 працэнтаў. Былі падпалены не толькі жылыя дамы, а разграблены і знішчаны адміністрацыйныя і гаспадарчыя будынкі. Па-зверску забіта 2 800 мірных жыхароў. Многіх схапілі і адправілі ў лагер вёскі Калбасіно. Многія загінулі ў канцлагерах Дахаў і Штутгоф. Крыху раней, 12 ліпеня 1942 года, на Скідзельшчыне былі расстраляны жыхары в. Карашава.
 
Новая хваля распраў з мірным насельніцтвам пачалася вясной 1944 года, калі ўжо было зразумела, што набліжаецца час расплаты. У адзін дзень, 22 красавіка, былі вывезены і расстраляны ва ўрочышчы Бор каля Скідзеля жыхары вёскі Залясяны і 25 дарослых і дзяцей в. Кашубінцы. 2 мая 1944 года 30 жыхароў в. Бандары былі вывезены у в. Раганічы і расстраляны.
 
Не дажылі літаральна некалькі тыдняў да вызвалення жыхары г. п. Сапоцкін – каля будынка школы яны былі расстраляны 15 чэрвеня 1944 года... Такі ж лёс напаткаў напярэдадні вызвалення і жыхароў в. Горніца.
 
…Немагчыма расказаць пра ўсіх, хто стаў ахвярамі ў ваеннае ліхалецце на гродзенскай зямлі. Лёс многіх людзей застаўся невядомым, звесткі пра іх, на жаль, не захаваліся. Помніце пра іх, шануйце! Нельга дапусціць, каб да месцаў іх апошніх хвілін зарасталі сцяжынкі. 
 
Ф. КІтаева.