З красавіка Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр распачынае новы праект «Прыдарожныя крыжы… Маўклівая гісторыя малой радзімы», які прысвечаны 80-годдзю ўтварэння Гродзенскага раёна і Году малой радзімы.
 
На беларускіх землях здаўна склалася традыцыя ўсталёўваць крыжы ў асаблівых памятных месцах, на ростанях, у пачатку і канцы вёсак, ля крынічак, на скрыжаваннях дарог. Яны засцерагалі жыхароў паселішча ад усялякай бяды. Не выключэнне і наш раён. Напрыклад, у Адэльску да сённяшняга часу захавалася 12 прыдарожных крыжоў. А старажылы кажуць, што іх было яшчэ болей, – адзначыла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Наталля Рамановіч. 
 
Бібліятэкары раёна ўжо збіраюць архіўныя дакументы, успаміны і сведчанні жыхароў, сучасныя ці гістарычныя здымкі і іншыя матэрыялы, якія датычацца крыжоў на тэрыторыі гарсельсаветаў. Усе звесткі будуць змешчаны ў аднаіменным выданні інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела. 
 
Таксама створаць інтэрактыўную карту крыжоў Гродзенскага раёна і распрацуюць новы экскурсійны маршрут. У культурна-інфармацыйным цэнтры спадзяюцца, што экскурсія будзе запатрабаваная жыхарамі раёна, асабліва з надыходам вясны.