У Скідзелі ў суботу 26 кастрычніка адбылася значная культурная падзея – свята “Несцерка запрашае”. Гэта мерапрыемства праводзіцца адзін раз у два гады па выніках абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў. У гэты дзень шыкоўны Скідзельскі гарадскі Дом культуры ператварыўся ў сапраўдны тэатр, з адпаведнай атмасферай, якая заўсёды спадарожнічае мастацтву.
Антураж не адмяняецца
Дзве вялікія жывыя “лялькі” сустракалі артыстаў і гледачоў каля ўваходу ў будынак установы культуры, міжволі настройваючы першых на сцэнічную працу, а другіх – на ўспрыманне чагосьці небудзённага. З імі з задавальненнем усе сфатаграфаваліся.
На першым паверсе прадавалі кактэйль з розным сокам, папкорн, смажылі бульбяныя чыпсы, водар якіх прымушаў згадаць пра Несцерку – славутага вядучага лялечных тэатраў. Чаму ён асацыіруецца з бульбай? Хутчэй за ўсё таму, што ўвасабляе сабой вобраз беларуса, які ніколькі не крыўдуе на мянушку “Бельбаш”, а проста робіць тую справу, да якой здатны.
Аднак пакуль у Несцеркі было шмат спраў за кулісамі, хтосьці павінен быў забаўляць гледачоў да пачатку спектакляў. Гэтую ролю ўзялі на сябе ў холе на другім паверсе мімы і высачэзныя анёлы. Тут знайшлося месца і для стала, за якім дзеці ляпілі розных мініяцюрных зверанят, як вучыла майстар мастацкіх вырабаў Таццяна Рублеўская. Вядома, што і яны зрабілі перапынак, як толькі “ажылі” лялькі над загадкавым зялёным палатном і пачаўся спектакль “Падарунак для сонейка”. Гэту пастаноўку прадставіў дзіцячы лялечны тэатральны гурток “Калабок” філіяла “Сурынскі цэнтр культуры”, які прыехаў са Слонімшчыны.
З гэтага ж раёна парадаваў гледачоў спектаклем на “дарослай” сцэне пад назвай “Пралеска і божая кароўка” драматычны гурток “Фантазёры” Вялікашылавіцкага цэнтра культуры. Маленькім дзяўчынкам удалося перадаць пакуты раслінкі, час росквіту якой быў надзвычай кароткі, а таксама глыбокія перажыванні сяброўкі, якой трэба жыць далей сярод іншых кветак.
Падлеткавы тэатр пантамімы “Маскі” з Ваўкавышчыны пафантазіраваў на тэму моды і фотасесій у мініяцюры “Калейдаскоп жыцця”. Яго кіраўнік і загадчык Роскага дома культуры Ірына Семяняка адзначыла на дыскусіі, што з падлеткамі працаваць сёння цяжка, але неабходна.
Дарослыя аматарскія тэатральныя калектывы сталі пераможцамі сёлетняга агляду-конкурсу, аддаўшы прыярытэт патрыятычнай тэматыцы з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Творчыя людзі
Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця свята “Несцерка запрашае” пачаўся спектакль “Слязінкі Хатыні па ўсёй Беларусі” ў выкананні тэатральнага гуртка з Воранава пад кіраўніцтвам Надзеі Лісоўскай.
Немагчыма было паверыць, што яго ставіць аматарскі калектыў без наймення народны ці ўзорны (адно з патрабаванняў дадзенага мерапрыемства). Адмысловая ігра акцёраў, асабліва Андрэя Жэгздрына, дапаўнялася дакументальнымі кадрамі з жахлівым нямецка-фашысцкім “гаспадараннем” на нашай зямлі. Гледачы не маглі стрымаць эмоцый, якія выліліся ў тыя самыя слязінкі, вынесеныя ў назву спектакля. Яго рэжысёр – Ірына Камінская, дырэктар ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, – дзелячыся вопытам адлюстравання ваенных падзей на сцэне, адзначыла, што поспеху дадзенага спектакля папярэднічалі вялікая калектыўная праца не аднаго дня і вопыт прадстаўлення шэрагу ранейшых работ, такіх як літаратурна-музычная кампазіцыя “І памяць сэрца не маўчыць”, спектакль “Дзеці вайны”, літаратурна-музычная замалёўка “У вайны не жаночы твар” і інш. Нягледзячы на тое, што зараз вельмі цяжка адцягнуць гледачоў ад гаджэтаў, асабліва моладзь, гэта ўсё ж удаецца зрабіць.
У патрыятычным напрамку паспяхова працуюць тэатральныя гурткі філіялаў ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”, якія аб’ядноўваюць людзей рознага ўзросту.
Кіраўнік гуртка “Творчыя людзі” Раціцкага цэнтра культуры Анжэліка Ігнатовіч змагла аб’яднаць падлетаў з аграгарадка. Іх літаратурна-музычная пастаноўка пад назвай “Доўгая дарога дадому” пра палонных фашысцкага канцэнтрацыйнага лагера і рабынь нямецкай фрау выклікала такі рэзананс, што гледачы
апладзіравалі стоячы.
Аб тым, як набліжалі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне беларускія партызаны, расказалі ў спектаклі “Паклонімся мы велічнаму часу” ўдзельнікі тэатральнага гуртка і клуба аматараў тэатра “Драйв”, які дзейнічае пры Капцёўскім цэнтры культуры. Кіраўнік гэтай суполкі Часлава Сямчук падзялілася з калегамі сваім вялікім вопытам работы па прыцягненню ў клубнае фарміраванне людзей сталага ўзросту ў сельскай мясцовасці. Сама яна, маючы за спіной стаж працы дырэктарам Дома культуры і вопыт арганізацыі мноства тэатральных пастановак, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, пагадзілася стварыць тэатральны гурток. У пошуку акцёраў-аматараў спачатку патэлефанавала 86 чалавекам. На першым часе адклікнуліся тыя людзі, якія яе памяталі. Потым да іх далучыліся іншыя актыўныя жыхары аграгарадка. Вялікую дапамогу ў папулярызацыі гуртка “Драйв” адыграла і змяшчэнне яго разнастайных спектакляў і тэматычных праграм ў інтэрнэце. Такі кантэнт дазваляе пашыраць не толькі кола тэатралаў-аматараў, але і глядацкую аўдыторыю.
Збліжае смех
Трэба зазначыць, што дэвізам сёлетняга свята “Несцерка запрашае” сталі словы народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна: “Смех хораша збліжае людзей, а трапны жарт – найлепшы ўступ у сур’ёзную размову”. Аб гэтым нагадваў падчас хвілінных перапынкаў паміж выступленнямі тэатральных гурткоў той самы Несцерка, ролю якога сыграў Андрэй Копаць, з гуртом дзяўчат у нацыянальным адзенні. У велізарным плеценым капелюшы яны разносілі па глядзельнай зале квіткі з жартоўнымі загадкамі і частавалі канфетамі тых, хто меў і ў запасе правільныя адказы.
Падчас абмеркавання стану і развіцця тэатральнай творчасці Гродзенскай вобласці, ініцыятарам якога выступіла намеснік дырэктра ДУК
“Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Наталля Рамановіч, слова было дадзена не толькі вопытным кіраўнікам тэатральных гурткоў, але і маладым спецыялістам. Яны далі зразумець, што не збіраюцца рабіць сабе патуранні, бо ў кожнага ёсць перспектыва росту для атрымання іх калектывамі званняў народнага і, галоўнае, прызнання ўдзячным гледачом.
Наступнае свята “Несцерка запрашае” адбудзецца праз два гады ў Бераставіцы.