Храм узводзіцца каля трасы, якая злучае Гродна з Мінскам. Парафія благачыннага Міхала Сапоцькі заснавана ў 2019 годзе. Зараз у ёй каля 300 вернікаў. У красавіку 2023 года біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў падмурак будучага касцёла і ўмураваў у яго два вуглавых каменя. Яны прывезены з радзімы Міхала Сапоцькі – вёскі Навасады Валожынскага раёна (з дома, дзе ён нарадзіўся, і з прыступак касцёла, дзе быў ахрышчаны).
28 верасня адзначалася 16-годдзе з часу беатыфікацыі Міхала Сапоцькі, святара, таму парафія святкавала ўрачыстасць. На імшу сабраліся парафіяне, мясцовыя праваслаўныя вернікі, прадстаўнікі мясцовай улады.
– Урачыстасць – важная для парафіі падзея і доказ таго, што Бог выбраў гэтае месца і благаслаўляе вернікаў на будаўніцтва святыні, а таксама будаўніцтва духоўнага Касцёла, які складаецца з іх саміх, – расказвае пробашч парафіі кс. Міхал Васількевіч.
У канцы літургіі парафіяне падзякавалі біскупу за візіт і пастаянную апеку над іх супольнасцю. Аляксандр Кашкевіч пажадаў парафіянам, каб яны, падтрыманыя Божай ласкай і акружаныя добрымі людзьмі, маглі завяршыць будаўніцтва касцёла.
– Хоць яно і звязана з цяжкай працай і ахвярай, гэтыя намаганні прыносяць вельмі вялікую радасць і задавальненне, – зазначыў біскуп і заахвоціў вернікаў падтрымаць будаўніцтва працай, ахвярай і малітвай.
Пробашч Міхаіл Васількевіч выказаў спадзяванне, што храм асвецяць для пастаяннага богаслужэння праз год. Дарэчы, у 2025-м будзе адзначацца 50-годдзе з часу смерці Міхала Сапоцькі.