Сёлета ён стартаваў са Свята Ручніка 24 мая ў вёсцы Зарачанка, дзе работнікі культуры згулялі вяселле па беларускіх канонах з захаваннем абрадаў, песень, строяў і звычаяў. А на наступны дзень журналісты газеты «Перспектыва» далучыліся да работнікаў культуры і адправіліся на Аўгустоўскі канал і ў Сапоцкін.

Вандроўка да шлюза

Каля шлюза Дамброўка адбыўся святочны фотасэт у традыцыйных рэканструяваных строях. Фотасесія доўжылася не адну гадзіну і вандравала па розных мясцінах. Першым прыпынкам стаў жоўты рапсавы масіў непадалёку ад канала. Сонца свяціла так, што колер рапсу здаваўся яшчэ больш яркім.

Потым усе разам перамясціліся на Аўгустоўскі канал. Майстры фатаграфаваліся з элементамі народнай творчасці: ручнікамі, маслабойкай, саломай. Гук вады дадаваў фотасэту непаўторнай атмасферы. Нават незнаёмыя людзі спыняліся, каб сфатаграфаваць убачанае на тэлефоны. Нібыта трапілі ў мінулае стагоддзе. Дарэчы, Аўгустоўскі канал у хуткім часе сустрэне гасцей фестывалю нацыянальных культур.

Саломінка праз акіян

Удзельнікамі фотасэту сталі мясцовыя майстры народных мастацкіх рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Сярод іх – Ірына Шавельская, народны майстар Беларусі, якая на мінулым тыдні вярнулася з Кітая. Яна ўдзельнічала у беларуска-кітайскім шматпрофільным праекце "Славянскі фестываль – Беларускі гарадок" у горадзе Нантунь КНР. На працягу месяца Ірына праводзіла майстар-класы па саломапляценні для мясцовых жыхароў. Зразумела, мы папрасілі майстра падзяліцца ўражаннямі ад вандроўкі, і яна ахвотна згадзілася.

Расказала, што гэта быў вельмі цікавы вопыт. На майстар-класы прыходзіла шмат людзей. А яшчэ кітайскі майстар паказаў іх салому, якая адрозніваецца ад беларускай.

Юбілейная грамата

Праз некалькі гадзін мы трапілі ў Сапоцкінскі культурна-турыстычны цэнтр. Там нас чакала Антаніна Юрчэня, носьбітка традыцыі сапоцкінскай пісанкі, якая святкавала ў гэты дзень 80-гадовы юбілей. Павіншаваць яе сабраліся майстры Гродзенскага раёна і работнікі культуры менавіта сапоцкінскай зямлі. Дырэктар Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Аксана Грынцэвіч падзякавала Антаніне Лук'янаўне за працу, за яе залатыя рукі, за адданасць гэтай справе, за тое, што вучыць маладое пакаленне, мясцовых работнікаў цэнтра культуры, праводзіць майстар-класы для турыстаў. "Гэта вельмі вялікая справа – перадаваць свой досвед", – адзначыла яна і пажадала юбілярцы творчага натхнення яшчэ на многія гады.

Юбілярцы ўручылі Ганаровую грамату ад старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Кветкавыя матывы

Тут жа, у Сапоцкіне, адбылося урачыстае адкрыццё выставы "Беларуская пісанка і яе свет". Яе аўтар, Тэрэза Марцінкевіч, – яшчэ адна вядомая майстрыха, якая працягвае традыцыю роспісу велікодных яек. На жаль, яна не змагла прыйсці асабіста. Але расказала нам пра яе культарганізатар Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра Люцына Станкевіч:

– Тэрэза Марцінкевіч нарадзілася ў вёсцы Новікі. Роспису яек навучылася ў сваёй бабулі ў 9-гадовым узросце. Адну з сваіх першых пісанак яна падарыла настаўніцы. Ужо шмат гадоў яна займаецца роспісам воскам, праводзіць майстар-класы, – распавяла Люцына Іванаўна.

Матывы творчасці Тэрэзы Марцінкевіч – дубовыя лісты (сімвал доўгалецця), дзьмухаўцы, кветкі. Яе стыль адрозніваецца ад іншых сапоцкінскіх майстроў. Таксама яна пачала займацца драпанкай (на папярэдне звараным і афарбаваным яйку тонкай іголкай выдрапваецца малюнак).

Дарэчы, у 2013 годзе сапоцкінская пісанка была афіцыйна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры працуе музей пісанкі – і нават па-за сезона сюды прыязджаюць турысты. Мы, напрыклад, сустрэлі двух гасцей з Санкт-Пецярбурга.

Завяршылася падарожжа ў Сапоцкін майстар-класам па пісанцы ад Люцыны Станкевіч. І хоць майстры Гродзенскага раёна займаюцца іншымі рамёствамі, яны з задавальненнем распісвалі велікодныя яйкі.

А тыдзень ідзе далей

Нашы вандроўкі 25 мая – толькі частка вялікай праграмы. Тыдзень традыцыйнай культуры працягваецца, і кожны наступны дзень па-свойму цікавы. 27 мая Індурскі цэнтр культуры запрашае на тэматычную праграму «Таямніцы беларускай лялькі: ад абраду да абярэга». Там жа пройдзе майстар-клас па стварэнні лялькі-абярэга. 28 мая ў Скідзельскім гарадскім доме культуры – пазнавальна-забаўляльная праграма «МоднаеНароднае» і майстар-клас па кераміцы ад майстра Таццяны Урублеўскай. 29 мая ў Парэцкай дзіцячай музычнай школе мастацтваў – сустрэча-канцэрт з народным майстрам Рэспублікі Беларусь Мар'янам Скрамблевічам. А 30 мая Квасоўскі цэнтр культуры і развіцця народнай творчасці запросіць на гульнёвую праграму «Сцежкамі продкаў» і інтэрактыўны майстар-клас па павязванню хусткі-шаляноўкі.