14 кастрычніка ў сценах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў Новым замку адкрылася выстава з паэтычнай назвай “Ціхае жыццё спыненага імгнення” мастака з Ваўкавыска Станіслава Кузьмара. Гэта трэцяя персанальная выстава аўтара, якая экспануецца ў Гродна і выступае ў якасці так заванай справаздачы творчага жыцця за апошняе десяцігоддзе.
На думку дырэктара музея Юрыя Кітуркі, аўтар імкнецца спыніць на хвіліну прыгожае, тэматыка яго твораў мае рамантычна-гістарычны напрамак і адлюстроўвае вобразы-мары. Старшыня Гродзенскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў Мікалай Бандарчук дадаў, што гэты мастак – вельмі тонкай складанай душы. А яго працы надзвычай таямнічыя.
Апісаць словамі досыць цяжка складаныя каляровыя адценні палотнаў ваўкавыскага мастака, але адназначна яны ўводзяць у глыбока-задуменны лірычны настрой, што пацвярджае і адзін з наведвальнікаў выставы, малады гродзенскі графік Ягор Шакаладаў.
Гледзячы на творы з назвамі “Каралева бурштынавага мора”, “Мелодыі восені”, “Партрэты ў танах восені”, “Сон зімовага лесу”, “Калі адлятаюць птушкі”, сапраўды цяжка паверыць, што іх аўтар мужчына: надта ўжо вытанчаны густ. А алейкавыя палотны “Шлях праз стагоддзі”, “Ной”, “Вяртанне з палявання” (па матывах паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”) ды іншыя вабяць у мінулае, ствараючы атмасферу таямнічасці і цеплыні. Любуешся і разумееш: не ўсё чалавечае страчана.