Штогод 15 верасня ў Беларусі адзначаюць Дзень бібліятэк. Асаблівым гэтае свята выдалася сёлета для супрацоўнікаў і чытачоў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага. Па-першае, бібліятэка пераехала ў новы сучасны будынак.

Па-другое, 17 верасня гэты кніжны храм святкуе 190-годдзе з дня заснавання.
 
DPP_48773.JPGDPP_48789.JPG

Галоўная кніжніца Прынёмання

Бібліятэка імя Карскага стала першай публічнай бібліятэкай на Беларусі. Першы ўспамін аб ёй датуецца 1830 годам. Тады аснову фонду складалі добраахвотныя ахвяраванні дваранаў горада – кнігі і афіцыйныя перыядычныя выданні. Доўгі час доступ у бібліятэку мела толькі пэўная катэгорыя асобаў з вышэйшых пластоў насельніцтва. Сёння ж абласная навуковая бібліятэка – буйнейшае кнігасховішча, інфармацыйны, адукацыйны і сацыяльна-культурны цэнтр прынёманскага краю, які з’яўляецца лідарам бібліятэчнай палітыкі на Гродзеншчыне.

Штогод паслугамі абласной бібліятэкі карыстаюцца звыш 40 тысяч чытачоў. Універсальны па змесце фонд дакументаў налічвае больш за 600 тысяч экзэмпляраў на розных носьбітах, а літаратура прадстаўлена на 75 мовах свету. Выдзелены ўнікальныя калекцыі старадаўняй літаратуры, краязнаўчых дакументаў, самаробнай кнігі, запісаў музычных твораў і галасоў гістарычных постацей. У бібліятэцы захоўваецца калекцыя рэдкай старадаўняй літаратуры, ёсць кнігі сярэдзіны XVIII стагоддзя.

 
DPP_48790.JPG

Падарунак да юбілею

Восенню 2019 года абласная бібліятэка пераехала ў новы будынак – цяпер гродзенцы наведваюць кніжны храм па вуліцы
Карбышава, 17. Кнігасховішчы тут займаюць 560 квадратных метраў. Менавіта большы прастор памяшканняў, па словах дырэктара бібліятэкі Лідзіі Мальцавай, стаў галоўнай прычынай пераезду.

– Нам проста не хапала залаў для захоўвання фондаў, – расказвае Лідзія Мальцава. – І толькі дзякуючы таму, што былы губернатар вобласці Уладзімір Краўцоў паглыбіўся ў нашу праблему, сёння мы маем усе магчымасці захаваць свае фонды так, каб доўгія гады яны маглі служыць нашым чытачам. Лепшага падарунка напярэдадні 190-гадовага юбілею нельга было ўявіць.

Цяперашні будынак бібліятэкі знаходзіцца ў жывапісным месцы амаль у цэнтры горада. Пераезд выдаўся нялёгкім. Супрацоўнікам бібліятэкі прыйшлося прыкласці вельмі шмат сіл і часу, каб у цэласці “пераехаў” кожны экзэмпляр – ад звычайных часопісаў і перыёдыкі да рарытэтных выданняў. Місія была выканана ў тым ліку дзякуючы шматлікім валанцёрам.

 
DPP_48784.JPG
 

Сучасныя магчымасці

Акрамя галоўных аддзелаў абслугоўвання чытачоў – абанемента, універсальнай чытальнай залы, краязнаўства, перыядычных выданняў, інфармацыйна-бібліяграфічнай работы – пасля пераезду ў абласной бібліятэцы з’явілася шмат навінак. Гэта чатыры абсталяваныя сучаснай камп’ютарнай, офіснай і праектнай тэхнікай залы для індывідуальнай работы чытачоў, дзіцячы пакой з кніжкамі, цацкамі, развіваючымі гульнямі. З’явілася і электронная бібліятэка, у якой сабраны самыя каштоўныя электронныя дакументы і забяспечаны доступ чытачам да сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Моладзь і падлеткі зараз могуць раскрываць свае творчыя здольнасці і паглыбляць цікавасць да эксперыментаў у пакоі робататэхнікі, які абсталяваны ўнікальнымі планшэтамі і забяспечаны ліцэнзійнай адукацыйнай праграмай. Зараз у бібліятэцы арганізоўваецца і прагляд фільмаў, прысвечаных развіццю Гродзен-шчыны, дэманструюцца архіўныя матэрыялы і здымкі з фонду бібліятэкі і прыватных калекцый. Што яшчэ цікава – у падвальным памяшканні выдзелены пакой для пераплётнай майстэрні і алічбоўкі кніг.

 
DPP_48772.JPG

“Сэрца” бібліятэкі – абанементны аддзел

На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў абанементны аддзел лічыцца самым наведваемым у бібліятэцы. Казкі і энцыклапедыі для маленькіх жыхароў Гродна, мастацкая і дакументальная літаратура для старэйшых – кнігу па душы тут знойдзе кожны. Загадчыца абанементнага аддзела Жана Макалава расказвае, што яе аддзел памятае тыя часы, калі штодня ў чытальныя залы выстройвалася вялікая чарга чытачоў. Век інфармацыйных тэхналогій, канешне, усё скарэктаваў. Але хапае і сёння тых, хто не можа абысціся без шоргату старонак і аддае паравагу кнізе не электроннай, а звычайнай. Зараз у сярэднім за дзень аддзел наведваюць звыш 150 чалавек, і з пераездам сітуацыя не змянілася. Як заўважыла Жана Макалава, чытачы хутка адаптаваліся да новага адрасу і ахвотна прыходзяць у бібліятэку.
 

– Перавагу аддаюць мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры, так было заўсёды, – падзялілася загадчыца абанементнага аддзела. – Пра каханне і пра вайну, гісторыі знакамітых людзей і фэнтазі, творы нобелеўскіх лаўрэатаў – менавіта такія кнігі сёння карыстаюцца папулярнасцю ў гродзенцаў.
 

Без сур’ёзных змяненняў аддзел перажыў і каранавірус – за выключэннем некаторых мер рэспіраторнага этыкету чытачы і супрацоўнікі ўзаемадзейнічаюць у звычайным рэжыме. Сярод значных мер засцярогі – змяшчэнне кніг на пяціднёвы карантын. Пасля кожнага чытача кнігі дэзінфікуюцца і толькі тады вяртаюцца на стэлажы. Што яшчэ зручна і бяспечна – бескантактавае вяртанне кніг і падаўжэнне тэрміну карыстання літаратурай па тэлефоне.

 
DPP_48774.JPG

Не толькі кнігі ды стэлажы

Можна смела казаць, што бібліятэкі ўпэўнена ідуць у нагу з часам. Абласная бібіліятэка імя Карскага – не выключэнне. Сёння гэта не проста кнігасховішча, а сучасны інфармацыйна-культурны цэнтр, які дынамічна і паслядоўна развівае значныя ініцыятывы, накіраваныя на павышэнне доступу карыстальнікаў да інфармацыйных рэсурсаў.

Штогод бібліятэка рэалізуе дзясяткі цікавейшых абласных, рэспубліканскіх і міжнародных праектаў, якія знаходзяць водгук у чытачоў розных узростаў. Так, да прыкладу, сярод моладзі вялікую папулярнасць набыў праект “Курсам лідара”, накіраваны на тое, каб расказаць юнакам і дзяўчатам пра жыццёвы шлях выбітных людзей – прафесараў, дэпутатаў, урачоў, дырэктараў прадпрыемстваў, пісьменнікаў і многіх іншых. Моладзь мае магчымасць пагутарыць з такімі людзьмі, задаць пытанні і, магчыма, натхніцца на будучы прафесійны шлях.

Вялікую папулярнасць мае праект “Дакрануцца да гісторыі”, дзе прадстаўлены рарытэтныя выданні не толькі з фондаў абласной бібліятэкі, але і з Нацыянальнай бібліятэкі і прыватных калекцый. Цікавасць сярод гродзенцаў выклікаў і сумесны праект з Белтэлерадыёкампаніяй “Чытаем творы пра Вялікую Айчынную вайну разам”. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў – ад ваеннаслужачых і ветэранаў вайны да школьнікаў і студэнтаў.
З году ў год на базе бібліятэкі праводзіцца звыш 500 мерапрыемстваў, у тым ліку навукова-практычныя канферэнцыі. Арганізуюцца акцыі ў дапамогу дзецям-сіротам і абласныя творчыя конкурсы, пашыраюцца сувязі з дыпламатычнымі службамі замежных краін.

Вялікая ўвага надаецца і бібліятэчнаму абслугоўванню чытачоў па месцы іх працы. На буйнейшыя ўстановы і прадпрыемствы горада, сярод якіх “Гродзенскі мясакамбінат”, “Беларусбанк”, “Белтапаз”, “Малочны Мір”, арганізуюцца выязныя дні інфармацыі, прагляды літаратуры, тэматычныя мерапрыемствы.

 
DPP_48791.JPG

Быць надалей скарбніцай памяці

– За 190 гадоў існавання бібліятэка прайшла вялікі, складаны, але разам з тым цікавы шлях, – адзначыла Лідзія Мальцава. – Усё, што сёння мы маем, – вынік карпатлівай працы супрацоўнікаў і спагадлівасці чытачоў. Хачу павіншаваць кожнага, хто мае дачыненне да бібліятэчнай справы, з Днём бібліятэк. Нашай абласной бібліятэцы жадаю і надалей заставацца не толькі інфармацыйным, адукацыйным, сацыяльна-культурным цэнтрам, скарбніцай памяці гродзенцаў, але і ўтульным месцам, куды будзе хацецца вяртацца зноў і зноў кожнаму нашаму чытачу.