У пятніцу чацвертага верасня я разам з дэлегацыяй Гродзенскай вобласці апынуўся ў горадзе Касцюковічы Магілёўскай вобласці. Сёлета тут святкавалі XXXIII Дзень беларускага пісьменства. Дарэчы, Касцюковічы – гэта самы ўсходні горад Беларусі, таму шлях з Гродна выдаўся няпростым.

Як гэта было

Падрыхтоўку Гродзенскай пляцоўкі для святкавання пачалі яшчэ з пятніцы. Супрацоўнікі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага і аблвыканкама ўсталявалі некалькі экспазіцый, прысвечаных літаратуры, пісьменнікам і друкаваным СМІ Гродзеншчыны. Сёлета ў канцэпцыю свята ўключаны такія тэмы, як Год беларускай жанчыны, 85-я ўгодкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры. Таму заканамерна, што гродзенцы знаёмілі наведвальнікаў фестывалю з доўгім шэрагам кніг: гістарычнымі працамі, прысвечанымі ваеннаму часу, мемуарамі, біяграфіямі выбітных аўтараў і славутых жанчын Гродзеншчыны.

У суботу ж адбылося ўрачыстае адкрыццё XXXIII Дня беларускага пісьменства “Родная мова – мова шчаслівых людзей”. На галоўнай сцэне аддавалі даніну павагі беларускім літаратарам Залатога веку: выконвалі песні на вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова. Апошні, дарэчы, ураджэнец Касцюковіцкага раёна, таму яго творчасці надалі асабістую ўвагу. У імпрэзе таксама прымалі ўдзел шматлікія танцавальныя калектывы з усіх куткоў рэспублікі. Галоўнай жа зоркай стала вядомая беларуская артыстка Ірына Дарафеева.

Панёманскія зоркі

Падчас адкрыцця было праведзена ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі сучасным беларускім пісьменнікам. Сярод узнагароджаных – гродзенскі паэт-публіцыст, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык. За сваю працу “Масты і берагі. Нарэшце я зразумеў, як гэта працуе…” ён атрымаў дыплом пераможцу ў намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”.

Ён жа, дарэчы, мадэраваў выступы ў гродзенскім шатры, дзе свае вершы дэкламавалі члены Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Некалькі гадзін на пляцоўцы гучалі ўласныя творы паэтаў з усёй Гродзеншчыны, іх пераклады з іншых моваў і музычныя імпрэзы Андрэя Татура пад акустычную гітару. Не лічу сябе вялікім аматарам паэзіі, але нават я разам з астатнімі ўдзельнікамі і гледачамі зачаравана слухаў вершы Вольгі Алізар, Юліі Мельнік, Ніны Рыбік і іншых.

Культурны код

Працавалі на фестывалі таксама і шматлікія творчыя аб’яднанні з рамеснікамі. Доўгі шэраг шатроў з усіх абласцей краіны заняў ледзь не цэлую вуліцу. Сярод іх апынуліся майстрыхі і з розных гарадоў Гродзенскай вобласці: Свіслачы, Астраўца, Ліды і Іўя. У сваім шатры яны распавядалі пра асаблівасці стварэння традыцыйнай беларускай выцінанкі, саломапляцення і белаўзорыстага панеманскага ткацтва. Апошняе – гэта выраб прыгожага белага палатна са складанай дробнаўзорыстай структурай з ільну ці шоўку. Дарэчы, рушнікі і абрусы, вырабленыя па гэтай тэхналогіі, традыцыйна былі распаўсюджаныя, галоўным чынам, менавіта на тэрыторыі Панёмання.

У Музеі рэдкай кнігі, разгорнутым на галоўнай плошчы горада, свае выставы прадставілі найбуйнейшыя сховішча краіны: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Прэзідэнцкая бібліятэка. Нароўні з імі свае экспанаты прэзентаваў таксама Гродзенскі музей Максіма Багдановіча. Прывезці атрымалася шмат цікавага: тут табе і яго славуты зборнік “Вянок”, і аўтограф паэмы “Максім і Магдалена”. Наогул аматары літаратуры знайшлі ў экспазіцыі музея шмат цікавага для сябе. Мне, напрыклад, было вельмі цяжка пераадолець спакусу пагартаць старонкі старажытных фаліянтаў.

Свята атрымалася вельмі маштабным і аўтэнтычным: мілая сэрцу беларуская мова, народная і сучасная беларуская музыка. Бачна, што сёлета ў Касцюковічах сабраліся людзі, якім неабыякавы лёс беларускай культуры. Вельмі цешыць, што яшчэ існуе такая колькасць людзей, якія гатовыя падтрымліваць падобныя мерапрыемствы і займацца іх прасоўваннем і паляпшэннем амаль бескарысліва. 

Дарэчы, наступны Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў горадзе Маладзечна Мінскай вобласці.

Фото Матвея Писаренко