У суботу адбылася радасная падзея: харавому калектыву з Верцялішак  “Ніва” было прысвоена званне Заслужанага аматарскага. Да гэтага самадзейныя артысты ішлі вельмі доўга. Шмат гадоў таму дамагліся звання Народнага. І вось прыйшло большае прызнанне. Каштавала яно ўпартай працы, але ж нездарма ў народзе кажуць, што без намаганняў не выцягнеш і рыбкі з вадаёма. Такім чынам, у Гродзенскай вобласці цяпер 10 Заслужаных калектываў, а ўсяго ў рэспубліцы – 72.

– Калі збіраўся на справаздачны канцэрт, – дзеліцца ўражаннямі намеснік старшыні райвыканкама Валерый Клімовіч, – асаблівых ілюзій не меў. Памятаў, як няпроста было атрымаць званне нашым славутым “Лялечкам” з Абухава. Пераважыў усяго адзін голас. А тут аўтырытэтнае журы на чале з кампазітарам Міхаілам Дрынеўскім было аднагалосным. Такой эйфарыі даўно не адчуваў. Усе сямнаццаць нумароў праграмы былі выкананы на высокім узроўні, суправаджаліся танцамі (у гэтым заслуга Станіслава Марозава). На мой погляд, сыграла ролю такая акалічнасць, як беларускасць. Гучалі толькі народныя песні і толькі на матчынай мове. І танцы таксама былі народныя, і касцюмы. Наогул усё было настолькі вытрыманым, настолькі прыгожым, што сэрца радавалася. Тут, несумненна, заслуга мастацкага кіраўніка Ларысы Прасвірнінай. І старшыні сельгаскааператыва Васіля Равякі. Ён не пашкадаваў грошай і на ўбранне для артыстаў, і на афармленне залы, і на пачастункі, і на сувеніры. Нават нягледзячы на сваю занятасць гаспадарчымі справамі, жыва цікавіўся тым, што адбываецца на сцэне (час ад часу тэлефанаваў). Дарэчы, Васіль Афанасьевіч з кагорты тых кіраўнікоў, якім да ўсяго ёсць справа – і да школы, і да Дома культуры, і да дзіцячага  садка”.

Як заўважыў Валерый Клімовіч, менавіта такія людзі і павінны быць Героямі Беларусі, бо яны дбаюць не толькі аб надоях і прывагах жывёлы, а ў першую чаргу аб тым, каб сельскаму чалавеку было ўтульна на роднай зямлі. Вось і напярэдадні мінулага навучальнага года, калі паўстала пытанне аб кандыдатуры дырэктара мясцовай сярэдняй школы, Васіль Афанасьевіч не застаўся абыякавым. Ён патэлефанаваў у аддзел адукацыі і папрасіў накіраваць у Верцялішкі дастойнага кіраўніка.

Зыходзячы з усяго гэтага, а таксама старання мясцовых артыстаў адбылося тое, што павінна было адбыцца – “Ніва” стала Заслужаным аматарскім калектывам. Значыць, на верцялішкаўскім небасхіле заззяла яшчэ адна зорачка.