Гродзенскія велікодныя вербы папоўнілі Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Такое рашэнне прынята Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Гродзенскія вербы маюць адметную тэхналогію вырабу раслінна-кветкавых кампазіцый да Вербнай (пальмавай) нядзелі, якая адзначаецца за тыдзень да Вялікадня. Гэтыя вербы з’яўляюцца святочным атрыбутам і адначасова сапраўдным творам народнага мастацтва. Робяцца яны на трох галінках белай вярбы. Для вырабу майстры выкарыстоўваюць самыя разнастайныя па фактуры і пластычных магчымасцях матэрыялы, напрыклад, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы (цімафееўка, канапелька, мятлік і іншыя). Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, кветкамі-сухавейкамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, выкарыстоўваюцца расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колеры). Сёння асноўнымі носьбітамі традыцыі вырабаў гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляюцца чатыры сястры Сарасек (прозвішча дзявочае) з Гродна. Традыцыю яны перанялі ад продкаў і ў сваю чаргу далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых, паведаміла метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніна Барысевіч. Традыцыя вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляецца лакальнай культурнай адметнасцю Гродзеншчыны і прызнаецца яе носьбітамі як элемент народнай спадчыны.