Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года. Паэт, мысляр, гісторык. Гонар нашай літаратуры. Няўмольная хвароба заўчасна зламала яго. У поўным росквіце таленту паэт памёр у дваццаць шэсць гадоў. Каля яго ложка знайшлі лісток паперы з радкамі:

У краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

3 друкарні пана Марціна Кухты.

Гэтай кнігай быў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», які адразу стаў нашай класікай. Зборнік «Вянок» выйшаў у 1913 годзе ў Вільні маленькім тыражом і даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю.

У Гродне прайшоў вельмі малы, але шчаслівы адрэзак жыцця паэта. Дзяцінства будучага класіка беларускай літаратуры звязана з горадам над Нёманам. Тут сям'я Багдановічаў жыла з 1892 да 1896 года, тут нарадзіліся Леў і Ніна, брат і сястра паэта. Але пасля смерці маці Марыі Багдановіч сям'я пераехала ў Ніжні Ноўгарад.

Гродзенскі перыяд у жыцці класіка беларускай літаратуры быў непрацяглым, але ў горадзе над Нёманам памяць паэта цэняць і шануюць. У сярэдзіне 1960-х мясцовыя ўлады абралі адзін з дамоў, які існаваў у Гродне ў той час, калі там жыла сям’я паэта. 6 мая 1965 года на гэтым доме ў прысутнасці сваякоў Багдановіча была адкрыта мемарыяльная дошка.

У драўляным доме пабудовы 1888 г., які з’яўляецца помнікам гісторыі мясцовага значэння і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, размешчана асноўная экспазіцыя Музея Максіма Багдановіча і экспазіцыя «Гродзеншчына літаратурная».

Сучасная экспазіцыя была створана ў 1992 годзе. Яна складаецца з дзвюх залаў («Гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў» і «Літаратурна-грамадскі рух у Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў»), чатырох мемарыяльных пакояў (кабінета бацькі, гасцёўні, жаночага і дзіцячага пакояў), а таксама экспазіцыі «Гродзеншчына літаратурная», прысвечанай выбітным пісьменнікам і паэтам Прынёманскага краю.

Вельмі папулярная сярод наведвальнікаў тэатралізаваная экскурсія «Марыя Апанасаўна запрашае». Супрацоўнік музея ў стылізаваным касцюме ХІХ стагоддзя ад імя маці паэта Максіма Багдановіча – Марыі Апанасаўны – знаёміць з інтэр’ерам кватэры сям’і Багдановічаў, з некаторымі асаблівасцямі іх жыцця ў Гродне, падрабязнасцямі ў выхаванні дзяцей. Гасцям падчас экскурсіі прапануецца згуляць у папулярныя гульні таго часу, а таксама паспрабаваць гарбату на травах і даведацца больш падрабязна пра карысць некаторых лекавых раслін.

Падчас экскурсіі наведвальнікі могуць пачуць аповед Марыі Багдановіч «Напярэдадні Раства», казку-паэму Максіма Багдановіча «Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык».

Кожны год 9 снежня ў музеі праводзяцца прэзентацыі кніг, літаратурна-музычныя мерапрыемствы, прысвечаныя дню нараджэння і дню памяці Максіма Багдановіча.