У першы дзень лістапада адзначыла сваё 80-годдзе адна са старэйшых жыхарак вёскі Мількаўшчына Алена Баляславаўна Петушок. На долю гэтай жанчыны выпала шмат выпрабаванняў, але сэрца яе не акамянела і не заледзянела, а душа не адвярнулася ад людзей. Праз усё сваё жыццё яна пранесла дабрыню і пяшчоту да сваіх дзяцей, усю сябе прысвяціла ім і працы. Цяпер часта ў думках вяртаецца ў сваё мінулае і быццам нанова перажывае многія падзеі.
Яе маці, Марыя Восіпаўна Сала, выношваючы пад сваім сэрцам дачушку, перажыла жахлівыя хвіліны падчас фашысцкай акупацыі: была прыстаўлена да сцяны для расстрэлу. Страшны прыгавор адмяніў нямецкі афіцэр, які, убачыўшы, што жанчына цяжарная, успомніў пра сваю жонку ў Германіі, што таксама чакала дзіця.
У тым самым 1944 г. Марыя Восіпаўна, пакінуўшы дзетак пад наглядам добрай суседкі, пешшу пайшла ў Шчучын. Даведалася, што там прыпыніўся яе муж Баляслаў перад адпраўкай на фронт, хацелася хоць на хвіліначку пабачыцца, перадаць трошкі харчоў.
Баляслаў Вікенцьевіч прайшоў цяжкімі ваеннымі дарогамі ажно да самага Берліна. На шчасце, вярнуўся дамоў жывым з многімі баявымі ўзнагародамі. Пасля вайны працаваў у саўгасе будаўніком. Быў добрым цесляром і сталяром. Многія хаты ў вёсцы пабудаваны з яго дапамогай. Паспяваў займацца рамонтнымі работамі і ў мясцовай школе, дзе спачатку працавала тэхнічкай Марыя Восіпаўна.
Затым маці Алены Баляславаўны працавала даяркай. За добрасумленную працу ў складзе дэлегацыі перадавікоў ездзіла ў Маскву на ВДНГ (выставу дасягненняў народнай гаспадаркі). Усім дзецям, а іх было шасцёра, прывезла падарункі. Колькі радасці было ў Аленкі, калі апранула новую прыгожую “маёвую” сукенку, павязала лёгкую “газавую” хустачку.
І колькі слёз, калі ў гэты ж дзень, гуляючы з сяброўкамі, выпадкова парвала сваю абнову.
З самага маленства ёй прыйшлося дапамагаць бацькам. Разам з маці паліла печы ў школе, прыбірала ў класных пакоях, рыхтавала і раздавала гарбату вучням. Успамінае, як цяжка было нарыхтоўваць дровы. Дзялянка знаходзілася далёка ад вёскі. Аднойчы за адзін дзень не ўправіліся і засталіся на ноч у нейкім паўразбураным будынку. Дождж, які ўскладняў увесь час працу, не прыпыняўся ні на хвіліну. Так і прамучыліся без сну да ранку, хаваючыся па кутках, каб яшчэ больш не намокнуць.
Затым працавала на палявых работах у саўгасе “Скідзельскі”. Выйшла замуж за добрага хлопца Яўгена, які стаў надзейнай падтрымкай і апорай. Яўген Уладзіміравіч працаваў трактарыстам у тым жа саўгасе. Вельмі радаваліся нараджэнню першынца – сына Сяргея, затым дачкі Марыны і сына Віталя. Жыццё патроху наладжвалася. Дзеці падрасталі і стараліся дапамагаць бацькам. Але нечакана прыйшла бяда: раптоўна памёр гаспадар сям'і. Быў яшчэ зусім малады – меў толькі 35 гадоў. Засталася Алена Баляславаўна адна з трыма непаўнагадовымі дзецьмі.
Спачатку ахапіў адчай і роспач – што рабіць, як жыць далей? Дзе знайсці сілы, каб выстаяць у такім горы? Як адной гадаваць сваіх дзяцей? Ды неяк знайшла ў сабе сілы, хаця спаць даводзілася ўсяго па некалькі гадзін.
Алена Баляславаўна паспявала ўправіцца з хатняй гаспадаркай, падрыхтаваць дзецям сняданак і абед і раненька бегчы на палявы стан. Выконвала розныя работы ў залежнасці ад пары году. Вясной уручную загружала зерне ў сеялку, затым у час руху сачыла, каб яно правільна клалася ў радкі. А як цяжка прыходзілася пры складванні саломы ў стог! На самым версе заўсёды была Алена. У яе заўсёды вельмі ўдала атрымлівалася завяршаць самую складаную работу.
Часта звярталася да суседзяў¸ каб паназіралі за дзецьмі, калі яе накіроўвалі на цэлы дзень за Гродна на торфанарыхтоўкі. Працавалі ў балоцістай мясцовасці, выкідаючы кавалкі торфу на сухое месца. Аднойчы Алена правалілася ў багну – выратавалася толькі дзякуючы дапамозе дужага мужчыны, які знаходзіўся паблізу.
З горыччу ўспамінае няшчасны выпадак, які здарыўся на сеялцы. Тады яна страціла прытомнасць. Яшчэ зранку адчувала вялікую слабасць, але на працу трэба было ісці абавязкова. Прасілася ў брыгадзіра, каб адпусціў дахаты, але атрымала рэзкі адказ. Да сённяшняга дня не можа растлумачыць, як удалося выхапіць руку, калі яе пацягнула ў сеялку, і як злаўчылася ўпасці ўбок ад трактара. Колькі перацярпела болю, як доўга прыйшлося лячыцца – гэтага не пажадае нікому. Вельмі ўдзячна доктару-хірургу скідзельскай паліклінікі Мікалаю Лазуку, на той час маладому спецыялісту. Гэта ён на працягу некалькіх гадзін вельмі прафесійна “рамантаваў” пашкоджаную руку і перакрэсліў сумненні тых, хто не верыў, што пасля такой траўмы рука будзе дзейнічаць.
Алена Баляславаўна з вылечанай рукой яшчэ некаторы час працягвала працаваць у саўгасе паляводам. Дачка Марына вельмі добра памятае, калі аднойчы мама прыйшла з працы са слязамі на вачах і дастала з кішэні чатыры рублі, якія ёй выплацілі за цэлы месяц работы. Алена Баляславаўна не магла ўявіць, як за такі заробак пракарміць і апрануць дзяцей, пры тым, што старэйшы Сяргей ужо вучыўся ў тэхнікуме. Але выжылі дзякуючы сваёй працавітасці і дапамозе добрых людзей.
Праз некаторы час па стане здароўя (здарыўся інсульт) прыйшлося выйсці на пенсію па інваліднасці. Але без справы Алена Баляславаўна сядзець не магла: трымала хатнюю жывёлу, працавала на агародзе, вырошчвала кветкі, якія і цяпер упрыгожваюць яе двор.
З’явіўся час заняцца любімымі справамі – вышываннем і ткацтвам. Калі пабачыш усё гэтае хараство – ручнікі, абрусы, сурвэткі, – вочы разбягаюцца ад разнастайных колераў і ўзораў. А колькі ў хаце саматканых посцілак і ходнікаў! Многія вырабы Алены Баляславаўны ўпрыгожваюць экспазіцыю літаратурна-краязнаўчага музея ў Мількаўшчыне і ўражваюць сваёй прыгажосцю яго наведвальнікаў.
Жыццё працягваецца. Папаўняецца сям’я, радуюць бабулю шасцёра ўнукаў, праўнучка і праўнук.
Няхай і далей на яе жыццёвым шляху сустракаюцца добрыя і спагадлівыя людзі, такія як і сама Алена Баляславаўна. Здароўя ёй, моцы духу і дабрабыту.