За гады працяглай вайны і жорсткай нямецкай акупацыі паднялося маладое пакаленне, якое не ўмела ні чытаць, ні пісаць. Таму ў 1945 г. у вёсцы адкрылася пачатковая школа. З часам моладзь рушыла ў настаўніцкую прафесію. Вёска дала краіне 13 настаўнікаў, галоўным чынам жанчын. Але не меншай павагай карысталася і прафесія абаронцы айчыны. Па прызыву дзяржавы змагаліся супраць гітлераўскай агрэсіі 22 вяскоўца, якія пайшлі на фронт. Пасля вызвалення раёна ў 1944 годзе стала вядома, што дзевяць з іх загінулі на вайне. 

І ў мірны пасляваенны час з вайсковай службай звязалі сваё жыццё сем лікоўскіх хлопцаў, якія не жадалі ведаць іншых заняткаў, апроч армейскіх. Вайскоўцы з Лікоўкі ўдзельнічалі па накіраванню дзяржавы ў ваенных аперацыях у Афганістане і іншых месцах у свеце. Пра вайсковы шлях некаторых з іх, хто ўзняўся па армейскай лесвіцы, павядзём гаворку ніжэй. 

Армейскі шлях

Перамовы расказаць аб сваіх вайсковых дарогах мы вялі з Іванам Мілашэўскім каля двух гадоў. У Гродна і Лікоўку прыехаў у канцы ліпеня мінулага года. У цяні разложыстай грушы мы павялі гутарку аб яго армейскіх адысеях. 

– Як сябе памятаю, заўсёды карцела быць у арміі, змагацца, быць на перадавой. Пэўна, настаў такі час. Звярніце ўвагу, што ўсе сем лікоўскіх хлопцаў, што сталі вайскоўцамі, нарадзіліся перад самай вайной ці ў гады вайны або адразу пасля яе. У атмасферы пахла вайной, арміяй. І мы ў ёй раслі, фарміраваліся нашы інтарэсы. А яшчэ дабаўце пасляваенныя кінафільмы і кнігі – яны аб вайне, удзел бацькоў у ёй, успаміны тых, хто вярнуўся з вайны пакалечаным. І вось гатовы кандыдат у вайскоўцы, – расказаў Іван Мілашэўскi. 

Ён на свет з’явіўся 15 чэрвеня 1943 года на хутары, што ў кіламетры ад вёскі. Вучобу пачынаў у Лікоўскай пачатковай школе, пасля яе ў Квасоўскай сярэдняй (адзінаццацігадовай) дайшоў да дзясятага класа. Яму не цярпелася пайсці ў армію, і ён перайшоў у Капцёўскую дзесяцігадовую сярэднюю школу. Хлопца пацягнула ў Ваенна-марскі флот. Накіраваўся ў Севастопаль у Ваенна-марское вучылішча імя адмірала Нахімава, але не прайшоў па конкурсе. На наступны год прызвалі ў армію і паслалі ў Барысаў, дзе трапіў у полк цяжкіх танкаў, там вучыўся год у танкавай школе, адкуль накіравалі ў танкавы полк камандзірам танка. З цягам часу паступіў на вучобу ў Акадэмію бранетанкавых войск імя маршала Маліноўскага ў Маскве на камандны факультэт. Хутка праляцелі тры гады вучобы, і яго накіравалі ў Групу савецкіх войск у Германіі (ГСВГ). 

– Гады маёй службы ў ГСВГ – гэта самыя гарачыя гады халоднай вайны, – дзеліцца ўспамінамі субяседнік. – Мы адчувалі сябе на пярэднім краі супрацьстаяння двух блокаў, перад намі нікога, толькі граніца і невядомыя намеры другога боку. Танкавыя войскі лічыліся найбольш мабільнымі і магутнымі сіламі. 

Пазней ён служыў камандзірам мотастралковага палка на Сахаліне. Пасля Сахаліна яго перавялі на штабную работу. А пасля паслалі ў Паўднёвую Афрыку. Згодна з дагаворам, урад Анголы перадаў СССР ваенна-марскія базы і парты, аэрадромы і атрымаў праз іх патрэбную зброю, ваенную тэхніку і боепрыпасы, пасланы былі ваенныя саветнікі і спецыялісты. Грамадзянская вайна цягнулася з перапынкамі з 1976-га па 2002 год, у ёй удзельнічалі рэгулярныя войскі Заіра, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Кубы, падтрымваючы ангольскія групоўкі. Савецкі Саюз рэгулярных войск не пасылаў, але ў Анголе за 16 гадоў (1976-1992 гг.) пабывалі звыш за 11 тысяч ваеннаслужачых у якасці ваенных саветнікаў і спецыялістаў. 

– Нас накіравалі як спецыялістаў сельскай гаспадаркі, насілі мы ангольскую ваенную форму, а хутка і колер скуры стаў падобны афрыканскаму. Мяне назначылі ваенным саветнікам начальніка штаба 3-й ваеннай акругі, якая знаходзілася ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны, успамінае субяседнiк. 

Пасля паспяховага завяршэння аперыцыі завяршылася камандзіроўка ў Анголу. 

– Калі б давялося ізноў выбіраць, я паўтарыў бы пройдзены шлях. Арміі аддадзена звыш за 30 гадоў. І задавальняе тое, што займаўся цікавай мне і патрэбнай дзяржаве справай.

Сын ветэрана

Сын ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Вячаслаў Санько (1951 года нараджэння) задумаўся аб ваеннай службе яшчэ ў школьныя гады. І пасля заканчэння сярэдняй школы ў Квасоўке ён паступіў у ваеннае інжынернае вучылішча ў Камянец-Падольску. Як усе маладыя афіцэры, выхадцы з працоўных сем’яў, служыў там, дзе патрэбна дзяржаве, і старанным выкананнем службовых абавязкаў торыў сваю дарогу ў арміі і жыцці. 

Санько трэці справа!.jpg
Вячаслаў Санько (трэці справа)

Звыш за 6 гадоў праслужыў у Закаўказскай ваеннай акрузе, прайшоў ступені ад камандзіра ўзвода да намесніка камандзіра батальёна. За ўмелае камандаванне падраздзяленнем яе камандзір быў прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Чырвонай Зоркі. 

Служыў у Германіі камандзірам пераправачна-дэсантнага і інжынерна-сапёрнага батальёнаў. Пастаянна адчуваў адказнасць за баявую падрыхтоўку падраздзяленняў батальёнаў і арганізоўваў удасканаленне іх вывучкі на палявых зборах. Асабісты склад і камандзіры батальёнаў адказна выконвалі задачы інжынернага забеспячэння ў час правядзення дывізійных і аператыўных вучэнняў. Гэта былі вучэнне «Захад-83», абсталяванне і ўтрыманне маставых перапраў праз канал «Хафель», паромных перапраў праз раку Эльбу, абсталяванне камандных пунктаў, зачыстка праходаў у мінных палях шляхам узрыву і інш. 

Ва Узброеных Сілах СССР і РФ Вячаслаў Мікалаевіч праслужыў 35 гадоў. Зараз жыве ў Маскве, але далёкае бацькоўскае гняздо нагадвае аб сабе, і ён час ад часу наведвае родныя мясціны: родны дом і сваякоў, ваколіцы, месца апошняга спачыну бацькоў. 

Афганскі след

Лікоўскім хлопцам давялося і паваяваць у мірны час. У гады тэрміновай службы ў арміі Станіслаў Будзько і Сяргей Драбскі былі адпраўлены ў Афганістан для рэалізацыі планаў савецкага кіраўніцтва.

Сяргей Драбскі восенню 1980 года быў накіраваны ў Кушку, што на мяжы з Афганістанам, дзе ўжо больш года ваявалі савецкія войскі, і ім патрабавалася папаўненне. Трохмесячны курс маладога байца правёў пад Ташкентам, а пасля прыняцця прысягі паступіў загад тэрмінова збірацца на новае месца службы, грузіцца на аўтамабілі. Загад ёсць загад, яго не абмяркоўваюць. Трывожна стала на душы. Пара дзён у дарозе – і наш 101-ы мотастралковы полк прыбыў у раён горада Герат на захадзе Афганістана. Размясціліся ў мясцовасці Шандант і жылі ў палатках. Месца гарыстае, расліннасці мала, нязвыкла і горача.

Драбскі 2!.jpg
Сяргей Драбскі (другі справа)

– Мы патрулявалі дарогі, дапамагалі ў ліквідацыі душманскіх атрадаў. Прамых ваенных дзеянняў з лініяй фронту, з наступленнямі ці абаронай не існавала. Нашай роце паступаў загад направіцца ў які-небудзь раён, дзе, па інфармацыі разведкі, з’явіліся душманы, і мы на БТРах імчаліся туды. Бывала, дабярэмся да названнага кішлака, а іх там і след прастыў. Душманы добра ведалі мясцовасць і пазбягалі прамых сутычак. Расстаўлялі міны такой канструкцыі, што адно-два колы БТРа пройдуць, а трэцяе падарвецца. У другі раз мы перадавалі звесткі аб душманах і іх каардынаты артылерыстам. Яны зробяць пару пускаў ракет – і няма ні душманаў, ні кішлака, – успамiнае Сяргей Драбскі. 

Уся яго вайсковая служба ў Афгане прайшла ў 101-м палку. А пазней, ужо на гражданцы, ён даведаўся выпадкова, што наш полк разняслі душманы «сцінгерамі». Сяргей расказваў пра службу асцярожна, стрымана, не даючы ацэнкі. 

Пасля вайны яго пацягнула ў сферу будаўніцтва. І ён шмат гадоў працаваў у розных будаўнічых арганізацыях і фірмах, набываючы патрэбны ў хатніх справах вопыт. А цяпер працуе ў калгасе і старанна, з густам даводзіць да вышэйшага ўзроўню бацькоўскі дом.