Сустракаю знерваваную прыяцельку. Спрабую супакоіць і міжволі даведваюся, што ж здарылася. Аказваецца, што, па вялікім рахунку, радавацца трэба: унучка, закончыўшы школу з залатым медалём, паступіла ва ўніверсітэт. Дык што ж ці хто тады так расстроілі маю знаёмую?
Аказваецца, суседка. Даведаўшыся, што дзяўчына пайшла ў педагагічны, аблаяла шчаслівую бабулю: як можна было дазволіць дзіцяці калечыць жыццё?! І слабыя апраўданні, што ўнучка сама так вырашыла, бо хацела прадоўжыць сямейную дынастыю і стаць настаўніцай пачатковых класаў, як некалі дзядуля, затым – мама, што гэта яе мара дзяцінства, не ўспрымаліся суразмоўцай: маўляў, што дзеці разумеюць у такім узросце?! Трэба было адправіць у эканамічны ці юрыдычны, а то прыдумалі – педагагічны, з яе здольнасцямі і баламі…
…Вы заўважалі, колькі людзей у нас усё ведаюць, ва ўсім разбіраюцца – і не саромеюцца сваё веданне і разуменне жыцця не проста публічна выказваць, а ледзь не сілай навязваць іншым? Каму куды паступаць, ісці працаваць, калі і за каго выходзіць замуж ці з кім жаніцца, калі і колькі нараджаць дзяцей, будаваць дом і купляць кватэру – на ўсё ў іх ёсць сваё меркаванне. І пры тым “ўсёведы” перакананы, што ваша ўласнае меркаванне павінна супадаць з іхнім, а калі гэта не так, то яго патрэбна тэрмінова змяніць на “правільнае”!
“Замуж выйшла? Не? А калі збіраешся? Час ужо, колькі можна нявесціцца…” – самае папулярнае пытанне пры размове з маладой дзяўчынай. Можа, у той дзяўчыны сэрца плача ад няспраўджанага кахання, ці яна чакае свайго каханага, ці не сустрэла пакуль таго, з кім можна раздзяліць лёс, ці па нейкай прычыне не можа выходзіць замуж… Гэта ўсё няважна: людзі, якія ўсё ведаюць, вырашылі, што трэба, час прыйшоў – давай, ажыццяўляй, калі не хочаш каб задзяўблі цябе гэтым пытаннем.
“Замужам? А дзеткі ёсць? Няма? То што ж так дрэнна стараецеся? Давайце, працуйце…” І думкі не ўзнікае, што пытанне тое – як соль на свежую рану… “Якая соль – я ж проста спытала, параіла…”
“Як здароўе?” – самае папулярнае ў пажылым ўзросце. І не ведаеш, ці то пераказваць змест медыцынскай картачкі, ці дастаткова традыцыйнага “Нармальна”.
Дык добра яшчэ, калі аўтараў гэтых пытанняў “ні аб чым” задаволяць такі ж адказы “ні пра што”.
Але часта здараецца, ім хочацца прадоўжыць тэму – і “дапамагчы”. І пачынаецца! “У маёй суседкі сын нежанаты – такі харошы хлопец. Стопрацэнтна табе падыходзіць. Давай пазнаёмлю!” “Не атрымліваецца! А вы спрабавалі? То трэба яшчэ туды з’ездзіць….” “Я вось чытала ў інтэрнэце, што ад тваёй хваробы трэба піць…”
Паслаць такіх «усёведаў” куда далей многім не дазваляе выхаванне. Ды і чалавек, здаецца. нядрэнны, можа, шчыра хоча дапамагчы…
Адна мая знаёмая, якая доўга змагалася з цяжкай хваробай, калі зусім чужыя людзі пачыналі яе пытаць яе, як здароўе, адказвала пытаннем на пытанне: “Дзякуй. А ваша?” Некаторых гэта ставіла ў тупік
Ёсць яшчэ адзін універсальны, хоць і грубаваты, але дакладны адказ: а вам справа? Сапраўды, няўжо чужому чалавеку павінна быць справа, куды паступіла суседская ўнучка, чаму не выходзіць замуж ці не нараджае дзіця дачка знаёмай і з-за чаго імкліва пахудзела далёкая прыяцелька? Прызнайцеся: вам трэба гэта ведаць толькі для таго, каб папляткарыць?
Калі так, то не здзіўляйцеся і не абурайцеся, што і вы самі знаходзіцеся пад прыцэлам пільных і, як правіла, не вельмі добразычлівых вачэй, якія цікуюць за ўсім, што з вамі адбываецца.
А калі і сапраўды хочаце дапамагчы – то перш спытайце, ці патрэбна ваша дапамога. І зрабіце гэта без лішніх слоў і капання ў чужой душы.
Автор: Нiна РЫБIК