Гартаючы адну з газет, спынілася на артыкуле пра правапарушэнні непаўналетніх. Прачытала вердыкт псіхолага: віна за непрыстойныя паводзіны дзяцей ляжыць на бацьках. Маўляў, яны шмат часу аддаюць на ўладкаванне свайго жыцця і мала ўвагі звяртаюць на дзяцей. А ў падлеткаў ёсць патрэба выгаварыцца, падзяліцца набалелым – вось яны і шукаюць адпаведную кампанію, дзе іх выслухаюць і падтрымаюць. Аднак кампанія тая можа быць не самай лепшай. Гэтая думка зашчаміла маё сэрца.
Перад вачамі паўстаў вобраз адной маці. На мой погляд, Ганна была сапраўднай маці. Усю сябе яна аддавала адзінаму сыну і мужу. Яе клопат і ўвага да сваіх родных былі настолькі бязмежнымі, што мне здавалася, у яе была добрая сям’я. Муж – паважаны чалавек, пры пасадзе. Заўсёды ў касцюме, белай кашулі і пад гальштукам. Сама Ганна хадзіла ў старэнькім, але чысценькім і адпрасаваным адзенні, стаптаных скураных туфельках на маленькіх абцасіках. З упрыгожванняў – шлюбны пярсцёнак са срэбра і маленькі металічны крыжык на шыі. Але якое прыгожае сэрца ў гэтай жанчыны, колькі цёплых слоў можна было ад яе пачуць! У абед перакусвала хлебам і шматочкам сала. Відаць было, што на ўсім эканоміла. Толькі не на сыне. Хлопец з фанабэрлівым позіркам, быў апрануты па апошняй модзе, меў дарагі мабільнік, які заўсёды нядбайна круціў у руках. Размаўляў ён з маці, як кажуць, праз губу. Ганна ва ўсім яму патакала, а ён з кожным днём станавіўся ўсё нахабней. Памятаю, як яна скардзілася на няспынны галаўны боль, на недахоп грошай і на тое, што адчувае сябе непатрэбнай. Што я магла тады ёй сказаць, жанчыне, амаль на дваццаць гадоў старэйшай за мяне?
Ганна нечакана напісала заяву на матэрыяльную дапамогу ў прафкам, аддала пазыку і больш на работу не выйшла. Здзейсніла самагубства. Гэтая навіна апякла маю душу так, што я да сённяшняга дня не магу адказаць сабе на пытанне: хто вінаваты ў гэтым? Муж, сын? Яна іх заўсёды хваліла, а яны?
У нашых бабуль быў Бог, бацькоў – партыя, у нас, народжаных у савецкі перыяд, – ва ўсім імкнуцца быць выдатнікам. А які падмурак у нашых дзяцей? Што іх стрымае ад зла і абыякавасці, ад разбэшчанасці і эгаізму?
P.S. Як зараз жыве сын Ганны, не ведаю. Але хочацца спадзявацца, што ў яго ўсё добра, што ён пераацаніў жыццё, пасталеў і ўзяў адказнасць за сябе.