Лічыцца, што дзяцінства – самая шчаслівая і бесклапотная пара, дзе дрэвы – вялікія, сябры – сапраўдныя і кожны дзень – радасны. Многія мараць вярнуцца ў гэты час, хоць бы на дзень скінуць цяжар адказнасці за ўсё і за ўсіх, адчуць сябе абароненым ад усіх бед дужымі татавымі рукамі і любячымі мамінымі вачыма … Многія – але не ўсе.
…Хлопчык-дашкольнік галантна расчыняе дзверы перад ледзь знаёмай жанчынай і прытрымлівае іх, пакуль яна пройдзе – без слоў зразумела, што так робіць яго тата. І незалежна ад таго, кім і якім ён стане, калі вырасце, гэтая падсвядомая, закладзеная бацькам у дзяцінстве павага да жанчыны будзе неад’емнай часткай яго характару.
…Дзяўчынка гадоў дзесяці нясе цяжкі пакет. Побач ідзе, насвістваючы вясёлы матыўчык, бацька. І кожнаму старонняму бачна, што менавіта жанчына, іх жонка і маці, цягне ў сям’і на сабе цяжкі воз хатніх клопатаў, а мужчына тут – «рулявы». Хутчэй за ўсё, ролі размеркаваны з маўклівай згоды ці нават па ініцыятыве жанчыны, якой хочацца дагадзіць «міламу, каханаму, адзінаму». Што ж, гэта яе выбар. Ці таксама вынікі сямейнага выхавання. Але дзяўчынка… Яна з маленства ўбірае ў сябе бацькавы ўрокі: жанчына – павінна, мужчына – мае права.
…У дзверы пазванілі: да хлопчыка-падлетка прыйшлі сябры. Ён сам іх запрасіў – але цяпер шукае нагоду, каб не пусціць у кватэру. Бо пасярод калідора ляжыць, расцягнуўшыся, п’яны бацька, якога, амаль непрытомнага, прывалаклі дахаты сябрукі. Сын – лепшы вучань класа, спартсмен, і сябры ў яго такія ж. Ці амаль такія: яны выхоўваюцца ў іншых сем’ях, іх бацькі такога сабе не дазваляюць. Хлапчуку сорамна перад таварышамі, ён стараецца схаваць сямейную таямніцу. Ды шыла ў мяшку не ўтоіш... У той момант, калі сорам і бездапаможнасць заліваюць чырванню твар, сын дае сабе зарок: я – ніколі, нізавошта! Мае дзеці не будуць за мяне чырванець! А праз пару дзясяткаў гадоў невялікі хлапчук цягне яго за рукаў: «Татачка, хадзем дахаты… Не трэба больш піць… Пайшлі, нас мама чакае».
…Шасцігадовы хлопчык малюе. На аркушы – рэчка, на беразе з вудамі стаяць дзве фігуркі, вялікая і малая.
– Гэта ты з татам? – пытае выхавальніца, разглядваючы малюнак.
– Не, гэта Сярожка са сваім татам. Яны калі-нікалі і мяне бяруць з сабой, бо я вельмі люблю вудзіць рыбу. Толькі рэдка. А мой тата не ходзіць на рыбалку. Ён увогуле нікуды не ходзіць, толькі на работу. А калі вяртаецца, то спіць. Яму няма калі гуляць са мной, ён грошы зарабляе. І навошта яму столькі грошай, не разумею..
…Бацькавы ўрокі – гэта не папруга, не пляскач і не моцнае слоўца. І нават не парада: рабі так і не рабі гэтак. Хоць і яны, вядома, таксама. Але найперш – учынкі: тое, што ён робіць, як сябе паводзіць – са сваімі дзецьмі і з іх маці, з уласнымі бацькамі, з іншымі людзьмі. Потым можна колькі заўгодна гаварыць: я рабіў, паводзіў сябе, жыў няправільна, ты не паўтарай маіх памылак – бацькавы ўрокі, добрыя ці дрэнныя, ўжо заселі стрэмкай нават не ў галаве, а ў падсвядомасці.
І, магчыма, вашы дзеці паўтораць іх для вашых унукаў…


















